viasna on patreon

За 15 сутак арышту дабіцца адмены прысуду немагчыма?

2012 2012-07-06T13:46:28+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Паводле звестак праваабаронцаў, за пяць гадоў Мінгарсуд толькі аднойчы (!) задаволіў касацыйную скаргу асуджанага на 15 сутак.

Нягледзячы на ўсе старанні адвакатаў і саміх асуджаных, выйсці з-за кратаў раней за прысуджаныя 15 сутак практычна немагчыма.

Праваабаронца Наста Лойка: “Вельмі рэдка адмяняюць гэтыя рашэнні менавіта праз касацыйную інстанцыю. Нават калі чалавек сам падаў, альбо ў яго быў адвакат. Калі справу чамусьці прыпынялі, альбо — скаргу гублялі і своечасова не могуць разгледзіць гэта суды”.

Праваабаронца здолела прыгадаць толькі адзін выпадак, калі гарадскі суд перагледзеў рашэнне суда першай інстанцыі.

Наста Лойка: “Гэта было ў 2007 годзе, калі аднаму актывісту далі 15 сутак арышту, а Мінскі гарадскі суд палічыў, што гэта вельмі сурова, і скінуў да 7 сутак арышту. А каб цалкам адмянілі і вызвалілі, то я, калі шчыра, нават не прыгадваю”.

За 16 гадоў адвакацкай практыкі ва Уладзіміра Букштынава не здаралася выпадкаў, каб скарга яго кліента недзе “згубілася” на шляху з месца адбыцця пакарання ў суд. У той жа час юрыст прызнае: дабіцца адмены 15-сутачнага прысуду немагчыма. Прынамсі, цягам гэтых 15 дзён.

Уладзімір Букштынаў: “Вы ж разумееце, якое адценне гэта ўсё носіць! Пры наяўнасці такога адцення шанцаў што-небудзь адмяніць у той сітуацыі, якая ёсць, вельмі мала. Па сутнасці, немагчыма”.

Еўрарадыё звярнулася ў Мінскі гарадскі суд з пытаннем, колькі асуджаных за “дробнае хуліганства” штомесяц абскарджваюць прысуд і колькі з гэтых скаргаў задавальняюць. Памочнік старшыні суда параіла пісаць афіцыйны запыт. Тыя ж пытанні Еўрарадыё накіроўвае і прэс-сакратарцы Вярхоўнага суда Марыі Лапо. Дадаўшы пытанне, ці былі выпадкі пакарання сведкаў-міліцыянераў, калі прысуд быў скасаваны.

Ні на адно з пытанняў Еўрарадыё адказу не атрымала. Апроч падобнай на здзек парады звярнуцца... у юрыдычную кансультацыю.
“Рашэнне па кожнай скарзе разглядаецца індывідуальна з улікам канкрэтных абставін справы і не залежыць ад колькасці скаргаў альбо адмененых рашэнняў. З аглядам судовай практыкі можна азнаёміцца ў часопісе "Судовы веснiк" і на сайце Вярхоўнага суда. Па тлумачэнні закона рэкамендуецца звярнуцца ў юрыдычную кансультацыю”.

Тым не менш і праваабаронца, і юрыст раяць не спыняцца на абскарджванні прысуду ў Мінскім гарадскім судзе і даходзіць да суда Вярхоўнага. Хай 15 сутак жыцця ўжо ніхто не верне, але ў выпадку адмены прысуду можна запатрабаваць грашовую кампенсацыю.

Наста Лойка: “Падаецца грамадзянскі іск, у якім патрабуецца спагнаць матэрыяльныя страты. Да прыкладу, на пошліны ці паслугі адваката. А таксама — маральную шкоду, што чалавек гэты час знаходзіўся ў такіх умовах. Сюды ўлічваюцца незаробленыя грошы па заробку. Суды вымушаныя задавальняць такія грамадзянскія іскі”.
Юрыст Уладзімір Букштынаў раіць ісці далей і спрабаваць пакараць сведкаў-міліцыянтаў і суддзяў.

Уладзімір Букштынаў: “Неабходна патрабаваць адказнасці тых, хто вінаваты ў тым, што ён адседзеў тэрмін. Трэба патрабаваць прыцягнення да адказнасці таго, хто складаў пратакол, і ставіць пытанне аб адказнасці суддзі, які выносіў рашэнне аб яго арышце”.
У тым выпадку, калі ўдасца даказаць, што суддзя свядома выносіў незаконны прысуд, можна прыцягнуць і да крымінальнай адказнасці. Толькі зрабіць гэта практычна немагчыма.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства