Кіраўнікі больш за 20 беларускіх грамадзкіх арганізацыяў – актывісты кампаніі “НАША САЛІДАРНАСЬЦЬ” падпісалі Зварот да парлямэнтарыяў замежных краінаў.
Алесь Бяляцкі (Асамблея НДА), Жана Літвіна (БАЖ), лідары рэгіянальных рэсурсовых цэнтраў Віталь Васількоў (Магілёў), Алесь Мілінкевіч (Гародня), Віктар Карняенка (Гомель), Іна Кулей (Берасьце) і іншыя лідары грамадзкіх арганізацыяў Беларусі распавядаюць парлямэнтарыям пра “новую антыканстытуцыйную кампанію па перасьледзе структураў грамадзянскай супольнасьці і незалежнай прэсы” ў Беларусі.
Падпісанты просяць парлямэнтарыяў выказаць сваё стаўленьне да выкладзеных фактаў, давесьці яго да ведама ўраду Рэспублікі Беларусь, а таксама улічыць выкладзеныя факты пры ажыцьцяўленьні зьнешняй палітыкі.
Прадстаўнікі трэцяга сэктару Беларусі зьвяртаюць увагу парлямэнтарыяў на прымусовую ліквідацыю двух буйных арганізацыяў - “Моладзевага хрысьціянска-сацыяльнага саюзу” і “Грамадзянскіх ініцыятываў” (Гомель). На думку падпісантаў, застаецца “мала спадзяваньняў на тое, што ў астатніх двух справах (гарадзенскіай “Ратушы” і баранавіцкай “Варуты”) судовае разьбіральніцтва будзе справядлівым і аб’ектыўным”.
Падпісанты выказваюць занепакоенасьць тым, што “на арганізацыі, якія абаранялі ліквідаваныя аб’яднаньні і прадстаўлялі іх інтарэсы ў судзе (Незалежнае таварыства прававых дасьледаваньняў, Праваабарончы цэнтар “Вясна”), улады таксама аказваюць ціск”.
Арганізацыі-сябры Асамблеі – ініцыятары кампаніі “Наша Салідарнасьць” зьвяртаюць увагу прадстаўнікоў замежных парлямэнтаў на становішча незалежных беларускіх мэдыяў. “Беларуская ўлада пасьлядоўна вынішчае апошнія непадкантрольныя ёй выданьні, якія зьяўляюцца для грамадзян Беларусі адзінай крыніцай аб’ектыўнай інфармацыі пра падзеі ў краіне”. “Незалежная прэса – галоўная перашкода на шляху ўмацаваньня ў Беларусі аўтарытарнай дыктатуры”.
На думку падпісантаў, “умацаваньне ідэялягічнай працы”, аб’яўленае прэзыдэнтам Лукашэнкам вясной, абярнулася нечуваным ціскам на ўсе праявы іншадумства”. Менавіта ў такім кантэксьце варта разглядаць ліквідацыю Нацыянальнага гуманітарнага дзяржаўнага ліцэю імя Якуба Коласа.
Напрыканцы ліста прадстаўнікі больш чым 20-і грамадзкіх аб’яднаньняў Беларусі зьвяртаюцца да парлямэнтарыяў з просьбай выказаць сваё стаўленьне да выкладзеных фактаў, давесьці яго да ведама ўраду Рэспублікі Беларусь і ўлічыць выкладзеныя факты пры ажыцьцяўленьні зьнешняй палітыкі.
Гэтымі днямі ліст накіраваны ў парлямэнты Літвы, Славакіі, Нямеччыны, Францыі і іншых эўрапейскіх краінаў.
Паводле інфармацыі Асамблеі НДА