Дзяржаўнае прадпрыемства паштовай сувязі “Белпошта” адмовілася ўключыць у падпісны каталог на першае паўгоддзе 2007 года недзяржаўную грамадска-палітычную газету “Витебский курьер М”
“Паколькі абавязак па ўключэнні друкаванага выдання ў каталог не прадугледжаны заканадаўствам, выбар друкаваных выданняў для фармавання каталогу з мэтай наступнага іх распаўсюджання праз падпіску з’яўляецца правам РУП “Белпошта”, якое рэалізуецца ім ў адпаведнасці з заканадаўствам,” – паведаміла ў пісьмовым адказе рэдакцыі “Витебского курьера” начальнік выдавецкага цэнтра “Марка” Ірына Астроўская, якая курыруе пытанні фармавання і друку падпісных каталогаў. У заключэнні ліста падкрэсліваецца, што на падставе выкладзенага, газета “Витебский курьер” не ўключана ў падпісны каталог на наступны год.
“Витебский курьер М” у сувязі з гэтым звярнуўся да сваіх чытачоў з прапановай патрабаваць ад “Белпошты” выканання іх законных інтарэсаў як спажыўцоў паслуг сувязі, - расказаў прэс-службе БАЖ галоўны рэдактар газеты Уладзімір Базан. Рэдакцыя “ВК” раіць чытачам, якія страцілі магчымасць атрымліваць газету праз паштовую дастаўку, дасылаць лісты з патрабаваннем не парушаць правы спажыўцоў на адрас кіраўніцтва “Белпошты”.
Нагадаем, напачатку 2006 года Віцебскі філіял РУП “Белпошта” скасаваў дамову з рэдакцыяй газеты “Витебский курьер М” на распаўсюджанне і экспедзіраванне выдання. Хаця перад гэтым, напрыканцы 2005 года, газета была ўключана ў каталог і прымала ўдзел у падпісной кампаніі па Віцебскай вобласці, паведаміла прэс-служба БАЖ.