FIDH: Андрэй Пачобут вызвалены, але рэпрэсіі працягваюцца
Парыж, 2 ліпеня 2012 года
Міжнародная Федэрацыя за правы Чалавека (FIDH) з задавальненнем адзначае
вызваленне з турмы Андрэя Пачобута, віцэ-старшыні Саюза палякаў у Беларусі і
вядомага журналіста польскага выдання «Газета Выборча». Разам з тым, FIDH
шкадуе, што з яго не былі знятыя неапраўданыя абвінавачванні і што прысуд да
ўмоўнага зняволення, вынесены 5 ліпені 2011 года, не быў адменены. FIDH таксама
сур'ёзна занепакоеная ўзмацненнем жорсткасці рэпрэсій у Беларусі напярэдадні
Дня незалежнасці, які адзначаецца 3 ліпеня.
Андрэй Пачобут быў вызвалены 30 чэрвеня 2012 ў выніку змены рэжыму яго
ўтрымання пад вартай, замененага на падпіску аб нявыездзе. 21 чэрвеня Андрэй
Пачобут быў арыштаваны і абвінавачаны па артыкуле 367.2 Крымінальнага Кодэкса
за «паклёп на прэзідэнта» ў артыкулах, апублікаваных на сайтах «Хартыя’97» і «Беларускі
партызан». 5 ліпеня 2011 года Пачобут ўжо быў прысуджаны да трох гадоў
зняволення ўмоўна па тым жа артыкуле Ленінскім раённым судом г. Гродна, адбыўшы
тры месяцы ў папярэднім зняволенні. Такім чынам, з гэтага часу яму пагражае да
сямі гадоў турэмнага тэрміну.
27 чэрвеня 2012 года ў гродзенскім офісе Саюза палякаў у Беларусі быў
праведзены ператрус. Гэта памяшканне было афіцыйна знята на імя Пачобута. Супрацоўнікі
сілавых структур, якія праводзілі ператрус, заявілі, што шукаюць антыўрадавыя дакументы
і падрыўную літаратуру, канфіскавалі кампутары і дакументацыю для вывучэння
следствам.
Вызваленне Пачобута з'яўляецца пазітыўным крокам, аднак яно павінна
суправаджацца зняццем з яго абвінавачванняў. Судовы пераслед актывістаў
грамадзянскай супольнасці напярэдадні Дня незалежнасці паказвае, што палітыка
рэпрэсій у Беларусі працягваецца. За апошнія дні некалькі маладых актывістаў
былі затрыманыя і ўзятыя пад варту па абвінавачванні ў дробным хуліганстве.
Так, Віталь Васількоў быў арыштаваны 30 чэрвеня і абвінавачаны па артыкуле 17.1
Адміністратыўнага кодэкса за ўдзел у бойцы 21 чэрвеня, нягледзячы на тое, што
ў гэты дзень яго не было на тэрыторыі Беларусі (ён здаваў іспыты ў Расіі).
FIDH асуджае спробы ўладаў Беларусі прымусіць замаўчаць любыя крытычныя галасы,
як адбылося напярэдадні Дня незалежнасці, і заклікае Беларусь:
* зняць усе абвінавачванні з
Пачобута і неадкладна спыніць любы пераслед супраць яго;
* неадкладна спыніць пераслед
журналістаў, праваабаронцаў і актывістаў апазіцыі;
* неадкладна вызваліць усіх
палітвязняў і
* паважаць свабоду
выказвання і свабоду сумлення, якія гарантаваныя Канстытуцыяй краіны і
міжнароднымі і рэгіянальнымі нарматывамі, прынятымі Беларуссю.