Увечары 4 лістапада на чыгуначным вакзале Берасьця быў затрыманы кіраўнік абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Сьцяпан Навасельчан
Затрыманьне адбылося ў той час, калі кіраўнік берасьцейскай арганізацыі Сьцяпан Навасельчан зьбіраўся зайсьці ў вагон цягніка, які накіроўваўся ў Кіеў, дзе планавалася сустрэча прадстаўнікоў рэгіянальных кааліцый Беларусі, прысьвечаная выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы. Міліцыянты спаслаліся на ананімны тэлефонны званок, у якім паведамлялася, што нібыта спадар Навасельчан спрабуе правезьці ў суседнюю краіну забароненыя для перавозу рэчы. У Ленінскім РАУС Берасьця актывіста АГП пратрымалі дзьве гадзіны, склалі пратакол дагляду і ўзялі тлумачэньне.
У гэты ж дзень кіраўнік Берасьцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Юрась Губарэвіч таксама некалькі гадзінаў правёў у міліцэйскім пастарунку – спачатку ў Белаазёрску, а пасьля ў Бярозе. Ніякіх абвінавачваньняў супраць спадара Губарэвіча высунута не было, аднак міліцыянты адабралі ў яго пашпарт.