“Барыс Звозскаў быў надзейным паплечнікам, неверагодна сьціплым і сумленным чалавекам”
Пра сьмерць праваабаронцы і свайго сябра Барыса Звозскава Алесь Бяляцкі даведаўся ў дзень развітаньня з ім, 19 чэрвеня. “Якраз у гэты час я, прыйшоўшы з працы, прачытаў у “Народнай Волі” гэтую трагічную навіну”, - піша палітвязень у нядаўнім лісьце з бабруйскай калоніі.
“Стала сумна і вусьцішна.
Больш за 10 гадоў мы працавалі разам на карысьць дэмакратыі і правоў чалавека. Разам планавалі і зьдзяйсьнялі ідэю Дома правоў чалавека, разам езьдзілі на міжнародныя праваабарончыя канферэнцыі і сустрэчы ў Баку, Маскву і Варшаву, разам думалі, як палепшыць бясьпеку грамадзкіх актывістаў праз навучаньне і дапамогу. Мы разам клапаціліся і разьвівалі беларускую праваабарончую супольнасьць, разам працавалі над тым, каб праваабарончыя стандарты, ідэі і прынцыпы не былі чужымі для беларускага грамадзтва.
Памятаю размову з Барысам Звозскавым напачатку 2000-х гадоў, калі ён з сумам казаў, што, вось, ад актыўнай праваабарончай дзейнасьці адыйшоў і першы старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Карлас Шэрман, і Васіль Быкаў прыпыніў сваё старшынства ў БХК, і Генадзь Грушавы, які за гэта браўся, некуды зьнік, а гэта ж – вядомыя асобы, дык хто ж застаецца? “Застаемся мы, - адказаў я, - і багата хто яшчэ разам з намі”. Барыс ня схібіў, не адыйшоў, не разуверыўся, хаця апошнія гады яго моцна гнула хвароба. Мы кожны па-свойму, яшчэ за саветамі, пачыналі сваё асабістае змаганьне з таталітарызмам, і мы працягвалі яго разам да апошніх дзён яго жыцьця.
Барыс Звозскаў быў надзейным паплечнікам, неверагодна сьціплым і сумленным чалавекам. Ягоная дакладнасьць і далікатнасьць як у вялікіх, так і ў дробных справах заўсёды дысцыплінавалі і былі прыкладам для мяне. Хаця я часам перапыняў яго, не даваў яму выказацца да канца. Ён, як старэйшы векам і мудрэйшы, ніколі не папракнуў мяне, велікадушна дараваў маю нецярплівасьць.
Барыс Звозскаў вылучаўся надзвычайнай тактоўнасьцю і інтэлігентнасьцю. Будучы рускім па выхаваньні, ён заўсёды прыхільна ставіўся да беларускай мовы і культуры і, пражыўшы ў Беларусі не адзін дзесятак гадоў, лічыў Беларусь за сваю радзіму. Усе свае інтэлектуальныя здольнасьці і намаганьні, свой розум і сваю душу ён укладаў у разьвіцьцё беларускага грамадзтва. Моцна хварэючы апошнія тры гады, ён імкнуўся не абцяжарваць сваімі прыватнымі праблемамі сяброў і знаёмых. Ён знайшоў у сабе сілы перад судовым працэсам нада мною спецыяльна зьезьдзіць у Варшаву, каб прывезьці і прадставіць на судзе дакументы, якія сьведчылі на маю карысьць. Ён падтрымаў мяне, выкліканы судзьдзём як сьведка, выступіў і сказаў, што доказы, вылучаныя супраць мяне абвінавачваньнем, нічога ня вартыя. У апошнія тыдні, вярнуўшыся з чарговага курсу лячэньня дадому, ён напісаў мне, як бы сьпяшаючыся, два лісты запар, папярэдзіўшы, што ён піша і дасылае іх , каб распавесьці штосьці такое, што адцягнула б мяне ад суровай рэчаіснасьці, і не чакае на іх адказу. Адказ я напісаў, аднак ня ведаю, ці пасьпеў Барыс прачытаць яго.
У нас з Барысам Звозскавым было аднолькавае захапленьне. І па-за штодзённым і найважнейшым у нашым жыцьці, па-за працаю на карысьць правоў чалавека, мы з ім любілі бясконца размаўляць пра грыбы. Ён быў заядлым грыбніком і ўвосень заўсёды імкнуўся хаця б з тыдзень адпачыць на Вілейшчыне, выбрацца ў грыбы. І калі ў яго ці ў мяне штосьці не атрымлівалася і мы прапускалі грыбны сезон, дык гэта была тэма для бязьмерных шкадаваньняў і абмеркаваньняў.
Гавораць, што ў іншым сьвеце, калі прыйдзе наш час, мы сустрэнемся ня толькі з крэўнымі, але і з блізкімі знаёмымі. Вось жа, падаецца, што Барыс першым пайшоў разьведваць невядомыя для жывучых тут грыбныя мясьціны, па якіх некалі мы будзем хадзіць разам”.