Казуліну па-ранейшаму не дазваляюць сустрэчы з адвакатам
Экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандр Казулін і былы дэпутат Сяргей Скрабец вось ужо 20 дзён трымаюць галадоўку пратэсту ў выпраўленчай калёніі "Віцьба-3". Пра стан здароўя палітвязьняў дакладна нічога невядома. Дзяжурны міліцыянт па тэлефоне паведамляе сваякам Казуліна і Скрабца, што зь імі "ўсё нармалёва", тым ня менш, вось ужо амаль тыдзень сем`і палітвязняў ня могуць датэлефанавацца да кіраўніцтва калёніі, каб даведацца, як сябе сапраўды адчуваюць палітыкі пасьля такой працяглай галадоўкі.
"Заўчора дзяжурны міліцыянт паведаміў мне, што з мужам усё нармалёва. Да кіраўніцтва калоніі не магу датэлефанавацца. У апошні раз, 4 лістапада, намесьнік начальніка калёніі сказаў, што бачыў Казуліна на тэрыторыі калёніі, і ён нібы выглядаў нармалёва. Вось і ўся інфармацыя. Потым былі працяглыя выходныя", – паведаміла прэс-цэнтру Хартыі`97 жонка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ірына Казуліна.
Нагадаем, што Аляксандру Казуліну па-ранейшаму забароненыя сустрэчы з адвакатам Ігарам Рынкевічам. Начальнік калёніі "Віцьба-3" Віталь Агністыкаў вырашыў забараніць сустрэчы адваката з А.Казуліным на ўвесь тэрмін галадоўкі экс-кандыдата ў прэзыдэнты. 1 лістапада І.Рынкевіч абскардзіў рашэньне В.Агністыкава ў дэпартаменце выкананьня пакараньняў.
Лісты ад Казуліна з калёніі прыходзяць са спазьненьнем на тыдзень.
Нагадаем, што былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Аляксандр Казулін галадае з 20 кастрычніка. Палітык пратэстуе супраць пазапраўнага, як ён лічыць, знаходжаньня ва ўладзе Аляксандра Лукашэнкі і дамагаецца разгляду беларускага пытаньня Радай Бясьпекі ААН. У знак салідарнасьці з патрабаваньнямі Казуліна ў віцебскай калёніі галадае яшчэ адзін палітвязень, былы дэпутат Сяргей Скрабец. Ад яго сям`я таксама не атрымлівае ніякіх лістоў.