7 лістапада ў Гомелі затрымалі дэпутата са сьцягам Венесуэлы
У Гомелі 7 лістапада на плошчы Леніна, дзе праходзіў афіцыйны мітынг з нагоды чарговай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, міліцыя затрымала шэсьць чалавек самых розных поглядаў. Дэпутата гомельскага гарадзкога савета Юрыя Глушакова міліцыянты даставілі ў апорны пункт за тое, што ён прыйшоў на плошчу са сьцягам Венесуэлы.
"Прэтэнзія была адзіная: чаму я карыстаюся незарэгістраванай сымболікай. Але ж сёньня – рэвалюцыйнае сьвята, і на плошчы было шмат незарэгістраванай сымболікі, у тым ліку сьцягі СССР. Акрамя таго, была яшчэ больш кепская незарэгістраваная сымболіка. Напрыклад, на плошчы было некалькі сяброў РНЕ са значкамі ў выглядзе свастыкі, але ж ніхто з ахоўнікаў правапарадку на іх не зьвяртаў увагі", – сказаў карэспандэнту БелаПАН Ю.Глушакоў.
У апорным пункце намесьнік цэнтральнага райаддзела міліцыі маёр Ефіменка запісаў у журнал здарэньняў, што з затрыманым Глушаковым праведзеная гутарка. Пасьля гэтага дэпутата адпусьцілі.
Былі затрыманыя падчас афіцыйнага мітынга і тры камуністы розных накірункаў, якія раздавалі аднапартыйцам маскоўскую газэту "Совинформбюро" – выданьне ўсесаюзнага руху "За Савецкі Саюз", газэты "Патриотический вестник", "Товарищ".
У дачыненьні да інваліда вайны II групы Роберта Фраловіча (старшыня рэспубліканскай арганізацыі "Отечество", ён лічыцца яшчэ і намесьнікам старшыні Вярхоўнага Савета СССР) і сябра ПКБ Пятра Цімафеева міліцыя склала пратаколы па арт. 172 ч.3 (пазапраўнае распаўсюджваньне друкаваных выданьняў, змест якіх накіраваны на прычыненьне шкоды дзяржаўнаму і грамадскаму парадку).
У Р.Фраловіча канфіскавалі 131 экзэмпляр "Патриотического вестника" і 16 экзэмпляраў газэты "Совинформбюро". "Гэта – агіда, замах на дэмакратыю, свабоду слова, на грамадзянскія правы, гарантаваныя Канстытуцыяй", – так ацаніў дзеяньні міліцыі Р.Фраловіч.
На плошчы ахоўнікі правапарадку затрымалі таксама Марыю Багдановіч і Сяргея Шпакава – распаўсюджвальнікаў улётак з выказваньнямі Аляксандра Лукашэнкі аб выбарах у мясцовыя Саветы і газэты "Товарищ". Багдановіч і Шпакаў мелі пры сабе сведчанні рэдакцыі на распаўсюджванне выдання, а на ўлётках мелася спасылка на "Советскую Белоруссию". Афіцэры міліцыі ўважліва праглядзелі ўлёткі, перагарталі ўсе газэты "Товарищ", не знайшлі нічога крамольнага і адпусьцілі распаўсюджвальнікаў, папрасіўшы ў іх прабачэньня.