Беларусь – адзіная краіна Эўропы, дзе практыкуецца сьмяротнае пакараньне
Старшыня Вярхоўнага суду Беларусі Валянцін Сукала абвесьціў сёньня агенству “Інтэрфакс”, што за першае паўгодзьдзе 2006 года ў Беларусі былі вынесеныя пяць прысудаў да найвышэйшай меры пакараньня – сьмяротнай кары. Летась сьмерцю пакаралі толькі двух чалавек.
Валянцін Сукала адзначыў, што "гэта выклікана ростам сэрыйных забойстваў, калі пазбаўляюцца жыцьця два, тры, чатыры чалавекі. Вядома, у гэтым выпадку і грамадзтва, і суды трапляюць у вельмі складаную сытуацыю, таму што тут пажыцьцёвае зьняволеньне таксама зьяўлялася б несуразьмераным зробленаму”.
Старшыня Вярхоўнага суду дадаў, што "гэтыя пяць выпадкаў, калі ўжо нельга было знайсьці ніякіх зьмягчальных абставінаў для неўжыцьця сьмяротнай кары".
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч ацэньвае сытуацыю з найвышэйшэйшай мерай пакараньня ў Беларусі:
“Сьмяротную кару трэба ацэньваць як інстытут цалкам. У беларускім Крымінальным кодэксе санкцыю ў выглядзе сьмяротнага пакараньня прадугледжваюць ня толькі артыкулы, зьвязаныя з забойствам, але і шэраг злачынстваў, якія адносяцца да главы кодэкса – злачынства супраць дзяржавы: шпіянажы, здрада радзіме. Таксама гэта тычыцца вайсковых злачынстваў, але санкцыя па такіх злачынствах не выкарыстоўваецца ў мірны час.
Калі інстытут сьмяротнага пакараньня легальна існуе ў дзяржаве, то няма ніякай гарантыі, што ён ня будзе выкарыстоўвацца на практыцы. Нават справа Паўла Красоўскага, якога паспрабавалі абвінаваціць у сур’ёзных злачынствах, санкцыя якіх прадугледжвала сьмяротнае пакараньне, прымушае задумацца над гэтым. Да таго ж, пры нашай судовай сыстэме нельга сьцьвярджаць, што судзьдзі ня робяць памылак. Можна згадаць і справу Міхасевіча, па якой было незаконна было асуджана 12 чалавек. А адзін зь іх – невінаваты – быў расстраляны. І сёньня ніхто ня можа даць гарантыяў, што прысуды, якія выносяцца цяпер, – законныя.
Для краінаў, якія ўступаюць у Эўразьвяз, да прыкладу, адмена сьмяронага пакараньня – адна з абавязковых умоваў. А ў Расеі і Украіне абвешчаны мараторый на ўвядзеньне сьмяротных пакараньняў. Таму мы, праваабарончыя арганізацыі Беларусі, выступаем за ўвядзеньне мараторыя на сьмяротнае пакараньне. Тым больш, што Беларусь сёньня застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе рэальна практыкуецца найвышэйшая мера пакараньня”.