Старшыню непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў Анжаліку Борыс дапыталі ў аддзеле дазнаньня Гарадзенскай рэгіянальнай мытні
2 лістапада яе выклікалі ў якасьці сьведкі па крымінальнай справе аб кантрабандзе наркотыкаў, якая была распачатая 31 кастрычніка. Спадарыня Борыс заявіла сьледчаму, што наркотык ім падкінулі, і яна лічыць гэта правакацыяй супраць сябе, як кіраўніка Саюзу палякаў. Уначы пасьля затрыманьня на мяжы А.Борыс, Анджэю Лісоўскаму і Тэрэсе Селівончык зрабілі аналізы крыві, ці ўтрымліваюцца ў іхных арганізмах наркотыкаў. Аналізы былі адмоўнымі, паведаміў hrodna.by.
1 лістапада Анджэя Лісоўскага абвесьцілі падазраваным па справе кантрабанды наркотыкаў. У ягонай кватэры зрабілі ператрус, але нічога не знайшлі.
29 кастрычніка на КПП “Прывалка” на беларуска-літоўскай мяжы быў затрыманы аўтамабіль Audi, што належыць Анджэю Лісоўскаму. У машыне былі двое пасажырак: Анжаліка Борыс і Тэрэса Селівончык. Мытнікі знайшлі ў аўтамабільным люстэрку невядомы парашок, пазьней высьветлілі, што там быў амфэтамін.