З рэдактарамі “Гомельскай праўды” і “Светлага жыцця” правялі гутаркі пра дыскрымінацыю і ксенафобію
Праваабаронца Марыя Багдановіч атрымала адказ з Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь (19.06.2012 №01-13/Кол-109) на зварот сябраў Беларускага Хельсінкскага камітэту, пад якім яны сабралі подпісы 40 чалавек.
У звароце была просьба да міністра інфармацыі прыняць захады дзеля выкаранення дыскрымінацыйных выказванняў у друку ў дачыненні да цыганоў.
“Мы звярталі ўвагу міністра на артыкулы ў “Гомельскай праўдзе” (“Водички бы испить”, 12.11.2011) і “Цыганы з кепскімі намерамі” ў лельчыцкай раённай газеце “Светлае жыццё” (14.03.2012), у якіх пры апісанні злачынстваў асобна падкрэслівалася, што ўчыненыя яны людзьмі цыганскай нацыянальнасці. Мы лічым, што гэта дыскрымінацыя па нацыянальнай прыналежнасці, да таго ж распаўсюджванне ксенафобіі,” - кажа Марыя Багдановіч.
У адказе за подпісам намесніка міністра В.Матусевіча гаворыцца, што ў міністэрстве артыкулы ў “Гомельскай праўдзе” і “Светлым жыцці” вывучылі і правялі з галоўнымі рэдактарамі выданняў С.М.Бяспалым і І.К.Сакавец гутаркі. Прэ гэтым ёсць спасылка на тое, што ў адпаведнасці з артыкулам 31 закона “Аб сродках масавай інфармацы” канчатковае рашэнне адносна вытворчасці і выпуску СМІ прымае галоўны рэдактар. І асабліва падкрэсліваецца, што “незаконнае абмежаванне свабоды СМІ ў Рэспубліцы Беларусь не дапускаецца”.
“Нам паведамілі таксама, - дадае Марыя Багдановіч, - што публікацыі былі падрыхтаваныя на падставе матэрыялаў з органаў унутраных спраў. Таму цяпер мы будзем звяртацца ў міліцыю, каб і там пры падрыхтоўцы такіх матэрыялаў улічвалі ўсе міжнародныя нормы супраць дыскрымінацыі і ксенафобіі”.