Спроба правакацыі супраць рабочага “Граніта”
Кіраўніцтва РУВП “Граніт”, размешчанага ў Мікашэвічах, працягвае кампанію па дыскрэдытацыі дзеючага на прадпрыемстве незалежнага прафсаюза.
25 чэрвеня адміністрацыя прадпрыемства паспрабавала учыніць правакацыю ў дачыненні да памочніка экскаватаршчыка чыгуначнага цэха пагрузкі Сяргея Стахаевіча - роднага брата лідэра суполкі незалежнага прафсаюза Алега Стахаевіча.
Ледзь пачалася рабочая змена, як майстар участка абвясціў Сяргею Стахаевічу, што ён павінен прайсці медыцынскі агляд на прадмет алкагольнага ап'янення. У суправаджэнні супрацоўнікаў аховы прадпрыемства Сяргея адвезлі ў гарадскую паліклініку, дзе па выніках агляду было выдадзена заключэнне: “Стан алкагольнага і наркатычнага ап'янення адсутнічае”.
Пасля вяртання на працоўнае месца ахоўнікі ўручылі майстру ўчастка копію заключэння, аднак той не дапусціў Стахаевіча да працы і запатрабаваў ад яго напісання тлумачальнай наконт свайго стану. Адначасова была зроблена спроба прымусіць іншых рабочых падпісаць загадзя падрыхтаваны акт, у якім гаварылася аб тым, што Сяргей Стахаевіч знаходзіцца ў стане алкагольнага, наркатычнага або таксічнага ап'янення па сямі прыкметах. Рабочыя катэгарычна адмовіліся паставіць свае подпісы пад фальшывым дакументам. Пасля працяглых пярэчанняў і ўзгадненняў з начальнікам цэха Віктарам Курыловічам, Сяргей Стахаевіч вымушана быў дапушчаны да выканання сваіх абавязкаў.
Брат Сяргея, Алег Стахаевіч, выключае выпадковы характар гэтай гісторыі і наўпрост звязвае яе са спробамі кіраўніцтва “Граніта” дыскрэдытаваць сябраў незалежнага прафсаюза і іх сваякоў.