Рада ААН па правах чалавека абмяркоўвае незалежнасьць судзьдзяў і адвакатаў
Сёньня на 20-ай сэсіі Рады ААН па правах чалавека ў Жэнэве адбываюцца інтэрактыўныя дыялёгі па дзьвюх справаздачах: спэцдакладчыкаў ААН у пытаньнях незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў і па праблемах гвалту супраць жанчын.
Спэцдакладчык ААН у пытаньнях незалежнасьці судзьдзяў і
адвакатаў Габрыэла Кнаўль была праінфармаваная аб працягу
ціску на беларускіх адвакатаў, якія займаліся і працягваюць займацца справамі
тых, каго перасьледуюць пасьля падзеяў 19 сьнежная 2010 году.
Асьветніцкая ўстанова «Цэнтар прававой трансфармацыі» зьвярнулася на пачатку
чэрвеня да Габрыэлы Кнаўль з просьбай ініцыяваць расьсьледаваньне аб
незалежнасьці судоў і адвакатаў у Беларусі. Праваабаронцы заклікалі
спэцдакладчыка ААН наведаць Беларусь з працоўным візытам, каб правесьці
спэцыяльнае расьсьледаваньне ў справе незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў.
Раней у сёлетняй справаздачы Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека аб
становішчы ў Беларусі адзначаліся «перасьлед і пагрозы» адвакатам, якія
абаранялі лідэраў апазыцыі, арыштаваных пасьля 19 сьнежня, забароны на сустрэчы
з кліентамі і забароны распавядаць пра парушэньне іх правоў і стане іх здароўя
падчас зьняволеньня, пазбаўленьне ліцэнзіяў, а таксама паведамленьні аб
парушэньнях у беларускай судовай сыстэме ад прадстаўнікоў Бюро АБСЭ па
дэмакратычных інстытутах і правах чалавека, якія прысутнічалі на судовых
працэсах у сувязі з падзеямі 19 сьнежня.
На 27 чэрвеня Радзе ААН па правах чалавека заплянаваны інтэрактыўны дыялёг аб
сытуацыі ў Беларусі. Шэраг праваабарончых арганізацый, у тым ліку Human Rights
Watch, Фундацыя дамоў правоў чалавека і Міжнародная фэдэрацыя за правы чалавека
маюць намер падчас дыскусіі аргумэнтаваць неабходнасьць зноў увесьці мандат
спэцыяльнага дакладчыка па сытуацыі ў Беларусі (скасаванага ў 2007 г.). Паводле
папярэдніх дадзеных, на цяперашні момант ідэю ўвядзеньня спэцдакладчыка па
Беларусі падтрымлівае як найменей 21 краіна, у іх ліку ня толькі краіны
Эўразьвязу, ЗША і Канада, але і шэраг краінаў Афрыкі.