viasna on patreon

У Бялыніцкім раёне змагацца з алкагалізмам будуць шляхам забаронаў

2012 2012-06-24T20:07:34+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/alkagalizacyja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Бялыніцкі райвыканкам прыняў рашэнне ў якасці эксперымента з 1 ліпеня па 1 жніўня ўвесці часовае абмежаванне па рэалізацыі прадпрыемствамі гандлю ўсіх формаў уласнасці пладова-ягадных вінаў і вінных напояў ў Бялынічах і на тэрыторыі Вішоўскага сельсавета. Акрамя гэтага кожную трэццюю суботу месяца ў раёне будуць праводзіцца “дні цвярозасці” з забаронай продажу алкагольнай, слабаалкагольнай прадукцыі і піва прадпрыемствамі рознічнага гандлю ўсіх формаў уласнасці.

Таксама райвыканкамаўскія чыноўнікі прынялі рашэнне забараніць продаж алкагольнай і слабаалкагольнай прадукцыі, за выключэннем піва, у летняй кавярні “Крыніца”.

Многія жыхары Бялыніч выказалі сваё адмоўнае стаўленне да абмежавальных мераў на продаж алкагольных напояў, уведзеных мясцовым райвыканкамам. Жыхар гарадскога пасёлка Генадзь, які сам з алкагольных напояў ужывае толькі піва, кажа: “З боку ўладаў гэта проста нейкая гульня ў змаганне “за здаровы лад жыцця”. Калі гэтыя віны і напоі такія шкодныя, дык няхай дзяржава забароніць іх выпуск. А так па тэлебачанні рэгулярна паказваюць навіны пра чарговыя поспехі беларускіх вінаробаў, якія прывозяць медалі з міжнародных конкурсаў за якасць сваіх напояў. Забароны ніякай карысці не прынясуць, пакутуючыя на алкагольную залежнасць людзі ў “дні цвярозасці” проста будуць піць сурагаты. Для пераадолення праблемы п’янства трэба стварыць народу нармальныя ўмовы жыцця, каб чалавек атрымліваў добры заробак за сваю працу і мог адпачыць, не эканомячы кожную капейку. А ці шмат месцаў для культурнага адпачынку ў нас у Бялынічах?”

Бялыніцкі раён з’яўляецца лідарам па спажыванні алкаголю ў Магілёўскай вобласці. За мінулы год узровень у раёне дасягнуў 18,9 літра на чалавека, пры тым, што ў сярэднім па вобласці гэты паказчык склаў 12 літраў. Рэалізацыяй алкаголю, алкагольных напояў і піва ў раёне займаюцца больш за 110 прадпрыемстваў гандлю розных формаў уласнасці.

Нагадаем, што крыху раней шматлікія абмежаванні на гандаль алкаголем былі ўведзеныя на тэрыторыі суседнега з Бялыніцкім Шклоўскага раёна. Па словах мясцовых жыхароў, вялікага эфекту ад  гэтых забаронаў пакуль не назіраецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства