Магілёўшчына: 19 чалавек ад дэмакратычнай кааліцыі ўжо гатовы вылучыцца кандыдатамі
Магілёўская абласная кааліцыя дэмакратычных сіл разглядае абвешчаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў як інфармацыйную кампанію і не верыць у тое, што выбары пройдуць свабодна і справядліва. Кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, вылучэнне якіх падтрымае абласная кааліцыя, павінны заклікаць выбаршчыкаў не ўдзельнічаць у галасаванні. Адпаведнае рашэнне прынята на пасяджэнні Каардынацыйнай рады Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сіл 22 чэрвеня ў Магілёве.
На пасяджэнні Каадынацыйнай рады было таксама прынятае рашэнне аб супольнай працы дэмакратычных кандыдатаў у розных выбарчых акругах. Ужо зараз у Магілёўскай вобласці гатовы вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 19 прэтэндэнтаў ад дэмакратычных партый: 5 – ад “Справядлівага свету” і па 7 чалавек ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і партыі БНФ. Ужо бліжэйшым часам да іх павінны далучыцца прадстаўнікі сацыял-дэмакратаў. Таксама у выбарах збіраюцца прыняць удзел і некалькі актывістаў кампаніі “Гавары праўду”. Нагадаем, што ўсяго ў Магілёўскай вобласці створана 13 выбарчых акруг па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
Каардынацыйная рада Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сіл бальшынёй галасоў прыняла рашэнне падтрымаць арганізацыю назірання на выбарах у парламент праз кампанію “За справядлівыя выбары”, а таксама вылучыць сваіх прадстаўнікоў у акруговыя і ўчастковыя выбарчыя камісіі.
“Мы разглядаем удзел у выбарах, у першую чаргу, як удзел у інфармацыйнай кампаніі, праз якую можна данесці да выбаршчыкаў праўду аб сапраўднай сітуацыі ў краіне, - кажа старшыня Каардынацыйнай рады кааліцыі Юрый Новікаў. – Пакуль не вызваленыя палітвязні і не ўнесены адпаведныя змены ў выбарчае заканадаўства, ніякай размовы аб паўнавартасным удзеле ў выбарах быць не можа. Нагадаю, што 5 сакавіка 2011 года дэмакратычныя сілы Магілёўшчыны на канферэнцыі прынялі рашэнне аб байкоце і мы гэта рашэнне павінны выконваць. Таму кандыдаты ў дэпутаты, якіх падтрымае кааліцыя, будуць агітаваць выбаршчыкаў не ўдзельнічаць у галасаванні”.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"