Праваабарончы цэнтр “Вясна” расцэньвае крымінальны перасьлед і асуджэньне моладзевага лідэра Зьміцера Дашкевіча як палітычную расправу за перакананьні і грамадзка-палітычную дзейнасьць
Праваабарончы цэнтр “Вясна”
г. Мінск, 02.11.06 г.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” расцэньвае крымінальны перасьлед і асуджэньне моладзевага лідэра Зьміцера Дашкевіча як палітычную расправу за перакананьні і грамадзка-палітычную дзейнасьць
Мы, сябры Праваабарончага цэнтру “Вясна”, выказваем рашучы пратэст супраць асуджэньня Зьміцера Дашкевіча на 1,5 гадоў пазбаўленьня волі і лічым крымінальны перасьлед моладзевага актывіста незаконным, парушэньнем правоў чалавека.
Зьміцер Дашкевіч быў затрыманы 15 верасьня 2006 году і абвінавачаны паводле арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (арганізацыя дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі ці ўдзел у ёй). Больш за месяц Зьміцер незаконна ўтрымліваўся ў СІЗА у бесчалавечых умовах. Судовы працэс пачаўся 30 кастрычніка ў судзе Кастрычнікага р-ну г. Мінска і праходзіў за зачыненымі дзьвярыма ў горшых традыцыях сталінскіх часоў. На судовы разгляд не дапусьцілі журналістаў, прадстаўнікоў грамадзкасьці, родных Зьміцера.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” заяўляе:
Мы лічым арт. 193.1 КК Рэспублікі Беларусь і практыку яго выкарыстаньня парушэньнем правоў грамадзянаў Беларусі на свабоду асацыяцыў, свабоду выказваньня меркаваньяў, гарантаваных Канстытуцыяй Беларусі і Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Мы лічым, што з боку міжнароднай супольнасьці і беларускай грамадзкасьці павінна быць дадзеная адпаведная аценка дзеяньням канкрэтных асобаў, якія дапускаюць парушэньні правоў чалавека ў краіне. У прыватнасьці, асобаў, якія непасрэдна займаліся перасьледам Зьміцера Дашкевіча: судзьдзі суда Кастрычніцкага р-на г. Мінска Алы Булаш; старэйшага саветніка юстыцыі пракуратуры Кастрычніцкага р-на г. Мінска Бароўскага, які падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачаньне падчас судовага працэсу; намесьніка Генеральнага пракурора Беларусі Пруса, які санкцыянаваў арышт Зьміцера Дашкевіча.
Мы заклікаем прадстаўнікоў АБСЕ, Савета па правах чалавека ААН, міжнародных праваабарончых арганізацыў зьвярнуць увагу на сістэматычныя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.
Мы патрабуем неадкладнага вызваленьня Зьміцера Дашкевіча і іншых палітычных вязьняў Беларусі і спыненьня рэпрэсіяў супраць палітычных апанентаў рэжыму А. Лукашэнкі.