Брэсцкі абласны гаспадарчы суд прапануе Мікалаю Чарнавусу міравое пагадненне
Баранавіцкі прадпрымальнік і грамадскі актывіст Мікалай Чарнавус нарэшце атрымаў ліст з Брэсцкага абласнога гаспадарчага суда за подпісам суддзі Г.С.Трушко, у якім паведамляецца, што абласны гаспадарчы суд, кіруючыся арт. 161, 168-170, 212-214 Гаспадарча-працэсуальнага кодэкса, прымае зыскавую заяву Чарнавуса да разгляду. Падрыхтоўчае судовае пасяджэнне адбудзецца 21 чэрвеня а 15-ай гадзіне ў памяшканні гаспадарчага суда Брэсцкай вобласці. З ліста вынікае, што абласны гаспадарчы суд настойліва рэкамендуе заяўніку і адказніку заключыць міравое пагадненне.
Раней мы паведамлялі, што ўжо амаль 7 месяцаў Мікалай Чарнавус імкнецца аспрэчыць вынікі “выбараў” Рады кірмашу на Цэнтральным каапрынку Баранавічаў. На думку Мікалая Чарнавуса, гэтыя выбары былі праведзены з парушэннем дзеючага заканадаўства. Новая Рада кааператыўнага кірмашу была прызначана адміністрацыяй горада і рынка, а не абрана агульным сходам прадпрымальнікаў. Не вырашылі гэтую праблему Баранавіцкі гарадскі, а затым у Брэсцкі абласны суд. Толькі з трэцяга разу Мікалай Чарнавус дабіўся, каб Брэсцкі абласны гаспадарчы суд прыняў да разгляду яго зыскавую заяву. Аднак абласны суд прапануе бакам скончыць справу міравым пагадненнем на любой стадыі працэса. Мала таго, суддзя Трушко, спасылаючыся на арт.259 Падатковага кодэкса РБ, нагадвае Мікалаю Чарнавусу, што калі адбудзецца прымірэнне з адміністрацыяй Баранавіцкага каапрынка, то гаспадарчы суд верне яму 50% дзяржаўнай пошліны.