viasna on patreon

У Міжнародны дзень барацьбы супраць катаваньняў віцебскі праваабаронца зладзіць пікет

2012 2012-06-15T12:10:37+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/levinau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Павел Левінаў

Праваабаронца Павел Левінаў

Заяўку на правядзеньне пікету праваабаронца Павал Левінаў падаў на імя кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску. Пікет, у адпаведнасьці з заяўкай, мусіць адбыцца 26 чэрвеня на рагу праспэктаў Чарняхоўскага і Будаўнікоў абласнога цэнтру. Мэта меркаванага пікету: інфармаваньне грамадзян наконт выконваньня Рэспублікай Беларусь канвэнцыі супраць катаваньняў і іншых лютых, нялюдзкіх або зьневажальных для годнасьці відаў абыходжаньня і пакараньня.

Варта адзначыць, што ў заяўцы Паўла Левінава няма стандартнай для гэткіх заявак фармулёўкі: “Прашу дазволіць”. Па сутнасьці, ён ня просіць дазволу, а паведамляе ўладам, што мае намер зладзіць мерапрыемства. Зладзіць у адпаведнасьці з нормамі, зацьверджанымі канстытуцыяй і міжнароднымі абавязальніцтвамі краіны. Праваабаронца ў сваёй заяўцы цытуе палажэньні артыкулу 23 Канстытуцыі, які дазваляе абмежаваньне правоў і свабодаў асобы толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, - у інтарэсах нацыянальнай бясьпекі, грамадзкага ладу, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў. Прыпыненая рэалізацыя правоў і свабодаў асобы можа быць толькі ва ўмовах надзвычайнага або ваеннага становішча.

“Для прававой дзяржавы характэрная свабода асобы: дазволена ўсё, што не забаронена законам”, - падкрэсьлівае Павал Левінаў. Ён перакананы, што для таго, каб правесьці “масавае” мерапрыемства, у якім возьме ўдзел толькі адзін чалавек, яму няма патрэбы заключаць дамовы з ЖКГ, міліцыяй і мэдыкамі, як таго звычайна патрабуюць улады. Бо адсутнасьць такіх дамоваў ня згадваецца ў пераліку выпадкаў, у якіх Канстытуцыя і нормы міжнароднага права дапушчаюць абмяжоўваць яго права на публічнае выказваньне сваёй думкі празь пікет.

У заяўцы на пікет праваабаронца пералічае захады, якія ён зробіць для забесьпячэньня грамадзкага парадку і бясьпекі падчас мерапрыемства, мэдычнага абслугоўваньня адзінага ўдзельніка акцыі і прыборкі тэрыторыі. Ён абавязуецца “не парушаць грамадзкі парадак і бясьпеку, не ствараць перашкодаў руху пешаходаў; наглядаць за станам свайго здароўя, пры неабходнасьці своечасова інфармаваць пра наяўныя пытаньні ўстановы аховы здароўя; не засьмечваць месца правядзеньня пікету”.

“У сучаснай прававой дзяржаве асновай прававой сыстэмы зьяўляецца Канстытуцыя, у якой замацоўваюцца агульнапрызнаныя прынцыпы і нормы міжнароднага права. Усе падканстытуцыйныя акты павінны адпавядаць Канстытуцыі і міжнародным абавязальніцтвам дзяржавы”, - адзначае Павал Левінаў у сваёй заяўцы на правядзеньне пікету, адрасаванай чыноўніку раённай адміністрацыі.

“Віцебская Вясна”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства