Бяляцкі ў калёніі атрымаў трэцяе спагнаньне
Адміністрацыя перавяла палітвязьня ў разрад «злосных парушальнікаў», паставіўшы пад сумнеў магчымасьць выкарыстаньня ў адносінах да яго амністыі, якая рыхтуецца на 3 ліпеня.
8 чэрвеня Алесь
напісаў карэспандэнту «Свабоды» ў лісьце з Бабруйскай
калёніі:
«Учора я атрымаў трэцяе
спагнаньне за год. Першае
было яшчэ ў каранціне — за нестатутны абутак, вынесьлі мне яго
за дзень як перавялі ў атрад, 21 сакавіка. Другое
я атрымаў за дзень перад спатканьнем з жонкай, 16 траўня,
за тое, што ў швачным цэху знаходзіўся без апазнавальнай
шыльды-бэджу. А трэцяе за тое, што 2-га чэрвеня спаў
у сэкцыі перад абедам.
У выніку за апошняе парушэньне пазбаўлены доўгатэрміновага наступнага
спатканьня, якое прадугледжанае Крымінальна-выканаўчым кодэксам. Таксама з наступнага месяца
я буду абмежаваны ў закупах у лаўцы, да 100 тысяч рублёў.
А зараз было 500 тысячаў. І хутчэй за ўсё, хаця пра гэта
рана яшчэ казаць, бо няма тэксу амністыі, але хутчэй за ўсё
як „злоснага парушальніка“ амністыя мяне ня будзе датычыць.
Застаецца толькі дадаць, што мае „Абавязацельствы“ выконваць
Крымінальна-выканаўчы кодэкс і падпарадкоўвацца Правілам унутранага
распарадку пакуль што яшчэ не зацьверджаныя. Таму, як тут гавораць на мясцовым слэнгу, я зараз
„без папераў“.
Апрача таго Крымінальна-выканаўчым кодэксам прадугледжанае добраахвотнае
ўступленьне зьняволеных у СА (самадзейнае аб’яднаньне). Дык вось,
учлічваючы гэтую добраахвотнасьць, я туды яшчэ не ўступіў,
бо я і так зьяўляюся сябрам многіх арганізацыяў
і аб’яднаньняў, у тым ліку БАЖ, FIDH, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў,
Таварыства беларускай мовы і Беларускага ПЭН-цэнтру, так што СА для
мяне было б ужо занадта».
Раней ліст Бяляцкага пра ўціск адміністрацыяй калёніі атрымала ягоная жонка Натальля
Пінчук. У ім Алесь
паведамляў пра перавод яго ў катэгорыю злосных парушальнікаў.
"Гэта паказвае, што для яго ствараецца досыць цяжкая сытуацыя
ў маральным і псыхалягічным пляне, а скарачэньне грашовых
паступленьняў б’е па магчымасьці набыць дадатковыя прадукты. Гэта будзе
ўплываць на стан ягонага здароўя. Што да ягонага фізычнага стану,
зразумела, ён ня скардзіцца, але часам некаторыя ўскосныя дадзеныя
кажуць, што тут у яго ня ўсё добра і ягонае здароўе пагаршаецца.
А прычэпкі і спагнаньні перакрэсьліваюць чые б там ні было
разьлікі на амністыю«,— распавяла Натальля «Свабодзе».
Натальля
Пінчук адзначае, што сытуацыя з парушэньнямі турэмнай дысцыпліны, якая склалася зь яе мужам Алесем Бяляцкім, нагадвае
сытуацыі зь іншымі
палітвязьнямі.
13 чэрвеня стала вядома, што ў катэгорыю «злосных
парушальнікаў» трапіў маладафронтавец Эдуард Лобаў, які
адбывае пакараньне ў Івацэвіцкай калёніі. На пачатку году
ў гэтую катэгорыю былі залічаныя вязень Магілёўскай крытай турмы, экс-кандыдат
на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч і вязень Глыбоцкай
калёніі, старшыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч.
Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны
на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым
у няплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў
і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі
на праваабарончую дзейнасьць.
Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра
банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.
Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага
палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны
патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.