Касацыйная скарга Аляксандра Малчанава будзе разгледжана 26 чэрвеня
Касацыйная скарга апазіцыйнага актывіста Аляксандра Малчанава на свой прысуд будзе разгледжана Мінскім абласным судом 26 чэрвеня. Малчанаў спачатку быў асуджаны за удзел у "Плошчы 2010". Аднак пасля ўказа аб памілаванні Аляксандра Лукашэнкі выйшаў на волю. Тым не менш ён застаўся пад пільным кантролем спецслужбаў. Супраць яго была ўзбуджана крымінальная справа быццам за крадзеж металалому. 9 красавіка 2012 года Малчанава зноў асудзілі на 1 год і 6 месяцаў зняволення.
Па словах каардынатара грамадзянскай ініцыятывы "За волю" Ганны Шапуцькі, яна спадзяецца, што Малчанаў будзе апраўданы:
- На судзе было бачна, што няма доказаў яго віны, што справа проста сфабрыкавана, каб ізаляваць Малчанава. Ён выйшаў з-за кратаў, але не спыніў сваю грамадскую дзейнасць, а працягваў актыўна дзейнічаць у Барысаве. Таму ўлады вырашылі зноў яго ізаляваць.
У Жодзінскім следчым ізалятары Аляксандр Малчанаў даведаўся пра раптоўную смерць сваёй маці, якая здарылася роўна праз два месяцы пасля прысуду - 9 чэрвеня. Аднак адміністрацыя Жодзінскага следчага ізалятара не адпусціла сына развітацца з маці. А тэлеграму аб яе смерці Малчанаву перадалі толькі праз 4 дні:
- Ён толькі 13 чэрвеня атрымаў тэлеграму, у гэты ж дзень яго наведала адвакат. Трымаўся ён даволі мужна, стойка перанёс гэтую вестку. Запытаў прычыну смерці маці, сказаў пры гэтым, што апошнім часам яна сябе не вельмі добра адчувала.
Па словах Ганны Шапуцькі, Галіна Малчанава памерла ад каранарнай недастатковасці - не вытрымала сэрца.