Чыноўніку закон не пісаны?
14 чэрвеня ў Гарадзенскім
гарвыканкаме адбываўся асабісты прыём грамадзянаў, які вёў начальнік упраўлення кантролю органаў выканаўчай
улады і каардынацыі дзейнасці кантралюючых органаў Камітэту
дзяржаўнага кантролю Гарадзенскай вобласці Іван Кашко.
У ліку іншых грамадзянаў на прыём была загадзя запісаная Святлана Рудкоўская, якая дамагаецца выканання законнасці органамі ўлады, якія яшчэ ў красавіку 2011 году не прынялі меры па выпраўленні парушэння працоўнага заканадаўства. Парушэнне пры звальненні жанчыны з пасады старшыні жыллёва-будаўнічага кааператыву №14 было ўстаноўлена аддзелам працы і сацыяльнай абароны Гарадзенскага гарвыканкаму. Аднак дагэтуль органы выканаўчай улады – адміністрацыя Ленінскага раёну Гародні, гарвыканкам, інспекцыя працы – ніякіх мераў так і не здзейснілі.
У такой сітуацыі Святлана Рудкоўская рэзонна вырашыла звярнуцца па дапамогу да начальніка аддзелу КДК вобласці з мэтай яго ўмяшання і каардынацыі дзеянняў па выпраўленні парушэння працоўнага заканадаўства. Аднак, нечакана чыноўнік на афіцыйным прыёме катэгарычна адмовіўся прыняць пісьмовую скаргу Рудкоўскай, заявіўшы пры тым, што, маўляў, ЖБК – гэта грамадская арганізацыя і там свае законы. Іван Кашко сказаў літаральна наступнае: “Прымаць вашу скаргу я не буду, усё роўна прышлю вам адпіску”. Такія паводзіны чыноўніка выклікалі справядлівае абурэнне Святланы Рудкоўскай. Палічыўшы, што ён наўпрост парушыў “Закон аб зваротах грамадзян” і адмовіўся выконваць свае службовыя абавязкі, яна напісала і падала адпаведную скаргу ў кнігу скаргаў КДК Гарадзенскай вобласці.