У чарговай "гранітаўскай" справе суд стаў на бок прадпрыемства
Намесніку старшыні “гранітаўскай” суполкі незалежнага прафсаюза Мікалаю Карышаву не ўдалося адстаяць сваё права на працу ў судзе Лунінецкага раёна.
Па словах юрыста-праваабаронцы Уладзіміра Малея, які прадстаўляў інтарэсы Карышава ў судзе 12 чэрвеня, довады самога Карышава і чатырох сведкаў з яго боку не пераканалі суддзю Васіля Бельскага ў тым, што ён быў звольнены з парушэннямі. Юрыст нагадвае, што працоўны чыгуначнага цэху пагрузкі атрымаў два спагнанні за адну і тую ж правіннасць у адзін і той жа дзень, а прычынай усяму – невыкананне наймальнікам абавязкаў па тэхніцы бяспекі.
Але суд заняў пазіцыю наймальніка, і увогуле суддзя Васіль Бельскі паведаміў, што наймальнік мае права не падаўжаць працоўны кантракт з любой прычыны.
Трэба адзначыць, што гэты суддзя ўжо не ўпершыню вядзе “гранітаўскія” справы. Васіль Бельскі раней разглядаў скаргу лідара суполкі незалежнага прафсаюза на прадпрыемстве “Граніт”Алега Стахаевіча - і прыняў рашэнне на карысць прадпрыемства.
Мікалай Карышаў будзе падаваць касацыйную скаргу ў абласны суд, хоць нядаўняя практыка паказвае, што суды падтрымліваюць дзеянні адміністрацыі прадпрыемства, нягледзячы на абсурднасць абвінавачванняў на адрас працаўнікоў. Актывіст упэўнены, што і з ім распраўляюцца за жаданне самастойна і паўнавартасна бараніць свае правы ў межах суполкі незалежнага прафсаюза.