Слонім: Суд аштрафаваў збітую міліцыянтамі актывістку БХД
У Слоніме 12 чэрвеня адбыўся суд над мясцовай актывісткай аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" Вольгай Пансевіч, якую ў красавіку збілі міліцыянты. Яе абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыі і нецэнзурнай лаянцы.
У першай палове дня ў судзе заслухалі паказанні самой актывісткі і двух сведак-міліцынятаў. Па словах аднаго з іх, пры затрыманні Вольга Пансевіч паводзіла сябе нібы п'яная. Аднак гэта не пацвярджаецца паказаннямі другога міліцыянта. Таксама адсутнічала асведчанне яе на алкаголь.
Пасля перапынку адбыліся заслуханні яшчэ аднаго міліцыянта і трох сведак з боку Вольгі Пансевіч.
Суддзя Іван Ластоўскі па двух адміністратыўных артыкулах – за непадпарадкаванне міліцыі і нецэнзурную лаянку - аштрафаваў актывістку на 2 мільёны 500 тысяч рублёў.
Нагадаем са слоў Вольгі Пансевіч, 21 красавіка на вуліцы Хлюпіна ў Слоніме прыкладна ў 19:30 да яе падыйшлі супрацоўнікі патрульна-паставой службы і прапанавалі праехаць з імі ў аддзел. Жанчына адмовілася. Тады яны сілком скруцілі яе і запіхнулі ў машыну, пры гэтым наносілі ўдары рукамі і нагамі, надзелі кайданкі. Даставіўшы ў аддзел, змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе трымалі трое сутак, збівалі, ставілі ў позу “ластаўкі”. Жанчына сказала, што будзе абскарджваць такія дзеянні міліцыі. У адказ на гэта 30 траўня Вольгу азнаёмілі са складзенымі на яе двума пратаколамі.