Суд над Дашкевічам перанесены на 31 кастрычніка
Суд над моладзевым актывістам Зьмітром Дашкевічам, які пачаўся сёньня, 30 кастрычніка, аб 11-й гадзіне, перанесены на заўтра а 10-й. 31 кастрычніка мусіць адбыцца допыт сьведкаў па справе.
Працэс адбываецца ў закрытым рэжыме. Аднак прадстаўнікам АБСЕ і некаторым прадстаўнікам амбасадаў удалося сустрэцца з судзьдзёй Алай Булаш, якая не патлумачыла прычыны, чаму суд закрыты, саслаўшыся, што ўсю інфармацыю паведаміць адвакат Дашкевіча пасьля суду.
Каля будынку Кастрычніцкага суда ў Менску сабралася некалькі соцень чалавек. Моладзь, якая трымала ў руках партрэты Зьміцера і скандавала лёзунг “Свабоду Дашкевічу”, зладзіла акцыю пратэсту супраць гвалтоўнага працэсу. Юнакі і дзяўчаты ў майках “Малады Фронт” хадзілі па коле, заклаўшы рукі за галаву. Міліцыя на іх дзеяньні не рэагавала, прыняўшы пазыцыю назіральнікаў. Паводле словаў адваката Аляксандра Галіева Зьміцер Дашкевіч пэўны час мог бачыць акцыю падтрымкі праз акно.
Разам з сябрамі Дашкевіча каля суда прысутнічалі журналісты (у тым ліку і расейскіх тэлеканалаў) і прадстаўнікі амбасадаў.
Праваабаронцы з цэнтру “Вясна” лічаць гэты суд палітычным судзілішчам і сьцьвярджаюць, што перасьлед Зьмітра Дашкевіча – яскравы прыклад парушэньня правоў чалавека.
Нагадаем, лідэр арганізацыі “Малады Фронт” Зьміцер Дашкевіч быў узяты пад варту ў межах крымінальнай справы па арт. 193.1 КК Рэспублікі Беларусь (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). 21 верасьня 2006 года яму было прад’яўлена афіцыйнае абвінавачаньне.