viasna on patreon

У Магілёве звольнілі з працы інжынэра Ігара Барысава

2006 2006-10-27T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

26 кастрычніка 2006 года звольнены з працы сябра Магілёўскага абласнога камітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады), адзін з лідэраў дэмакратычнай моладзі Магілёва Ігар Барысаў.

Пасьля сканчэньня інстытуту Ігар Барысаў 2 гады і 3 месяцы працаваў інжынэрам па якасьці на РУП завод “Магілёўліфтмаш”.

Юрыдычнай падставай для звальненьня стала спыненьне працоўнага кантракту па дамоўленасьці бакоў, фактычна ж адзін з бакоў – інжынэр Барысаў – адчуваў пастаянны ціск з боку кіраўніцтва заводу і выслухоўваў пагрозы аб магчымым звальненьні па артыкулу, калі адмысловец не пажадае спыніць дзеяньне кантракту.

Асабліва шчыраваў і “выхоўваў” інжынэра Барысава дырэктар па ідэалёгіі нехта Л. М. Лебядзеўскі. Грамадзянін Лебядзеўскі ведаў, што забараніць займацца палітычнай дзейнасьцю сябру легальнай партыі ён ня мае права. Ён заявіў, што не забараняе інжынэру Барысаву займацца тым, чым ён займаецца ў вольны ад працы час, толькі дзеля гэтага трэба перастаць працаваць на “Магілёўліфтмашы”. Выявілася, што дзейнасьць маладога сацыял-дэмакрата негатыўна адлюстроўваецца на іміджы і маркетынгу прадпрыемства.

Мала таго, што сацыял-дэмакрат Барысаў падрывае дзелавую рэпутацыю “Магілёўліфтмаша” і прыносіць яму фінансавыя страты, ён – інжынэр – быў залічаны на магістарскую праграму “Дэмакратыя і грамадзянская супольнасьць” у Еўрапейскі гуманітарны ўніверсытэт, які вымушаны зараз дзейнічаць у Вільні. Начальства наадрэз адмовілася задаволіць заяву І. Барысава аб вызваленьні яго ад працы на час установачнай сэсіі. Галоўны мэтролаг С. Лагун, пад чыім чулым кіраўніцтвам працаваў Ігар Барысаў безапэляцыйна заявіў, што Вільня – фашысцкі горад, а ЕГУ – анархічная ўстанова. “А ты, – сказаў ён свайму падначаленаму, – нефармал. Адмаўляйся ад сваёй вучобы, бо я цябе туды не адпушчу і ніякія заявы падпісваць ня буду. Калі хочаш ехаць – кладзі заяву аб звальненьні на стол!”

А тут у суботу 14 кастрычніка ў Магілёве адбыўся мітынг у падтрымку былога кандыдата на пасаду прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, і Ігар Барысаў браў у гэтым мітынгу актыўны ўдзел. Ён праводзіў акцыю “Напішы ліст падтрымкі А.Казуліну”: раздаваў усім жадаючым капэрты з адрасам турмы, у якой знаходзіцца палітвязень.

Пра гэта было дакладзена генэральнаму дырэктару “Магілёўліфтмаша”. Апрача таго, гендырэктару паведамілі, што І. Барысаў арганізаваў два флэш-мобы каля будынку абласнога КДБ. І што ён нібыта ўзначальваў калону юнакоў.

З КДБ у Ігара даўняе знаёмства. Камітэтчыкі ня раз наведвалі яго і прапаноўвалі сяброўства. Атрымаўшы адмову, яны вырашылі адыграцца і прыдумалі калону на чале з Барысавым. Тым часам на відэазапісе відаць, што малады актывіст не пакідаў 14 кастрычніка пляцоўкі, якую ўлады выдзелілі для мітынгу.

Пасьля дакладу ў гендырэктара інжынэру Барысаву быў прад’яўлены ультыматум:

1) адмовіцца ад вучобы ў ЕГУ;

2) напісаць заяву аб звальненьні з адкрытай датай (гэта значыць: як толькі ты пойдзеш на партыйны сход ці сустрэчу моладзі, цябе аўтаматычна звольняць з працы);

3) папрасіць прабачэньня за свае неабдуманыя дзеяньні.

Была і чацьвёртая ўмова: мірна і спакойна на працягу месяца звольніцца з прадпрыемства без усялякіх адпрацовак і з чыстай працоўнай кніжкай.

“Я стаміўся баяцца,” – кажа Ігар. – “Я стаміўся маўчаць, таму ніколі не хаваў сваіх думак і рабіў тое, што лічыў неабходным. Адно магу сказаць: чаго не хапае нашым кіраўнікам, дык гэта чалавечнасьці. Ніхто не заступіўся за мяне, ніхто не падтрымаў. Усе баяцца сваіх начальнікаў і калегаў, зубамі трымаюцца за свае крэслы. Час усё расставіць па сваіх месцах. Думаю, што маім начальнікам будзе вельмі няёмка”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства