viasna on patreon

Бабруйчане атрымалі адказ на зварот адносна папулярызацыі беларускай мовы

2012 2012-06-08T13:01:57+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mova.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У сярэдзіне траўня бабруйскія сябры ТБМ збіралі подпісы за папулярызацыю беларускай мовы ў сваім горадзе, якія былі накіраваны разам са зваротам у гарвыканкам. Бабруйчане прасілі мясцовыя ўлады надаць беларускай мове не намінальны, а рэальны дзяржаўны статус.

Фактычна, атрыманы адказ за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Аляксандра Маркачова можна назваць адпіскай (хто канкрэтна яго пісаў -- невядома, бо ў самым нізе апошняга аркуша дробнымі літарамі пазначана прозвішча “Балюк” – гэта новы галоўны гарадскі ідэолаг). Чыноўнік толькі пералічыў тыя факты “прысутнасці” беларускай мовы ў жыцці бабруйчан, якія ўжо ёсць. Пра тое, што мясцовыя ўлады будуць неяк спрыяць папулярызацыі мовы ў бліжэйшай ці не вельмі будучыні, амаль нічога не сказана.

Напрыклад, чыноўнік піша, што ў 2010 годзе гарвыканкам зацвердзіў Комплекс першачарговых мер па папулярызацыі беларускай мовы на два гады, і яны былі прапанаваныя для рэалізацыі арганізацыям, установам, прадпрыемствам і гэтак далей. У тым ліку, там было прапісана выкарыстанне дзвюх моваў у назвах вуліц і плошчаў. – “… але існуючыя аншлагі былі выраблены і ўсталяваны да прыняцця Комплекса”, - піша чыноўнік і сцвярджае, што замяніць старыя шыльды на новыя зараз немагчыма, бо ў бюджэце няма на гэта сродкаў.

Супрацоўнік гарвыканкама пералічае назвы некалькіх гарадскіх крамаў, назвы каторых напісаны па-беларуску: “Красавік” (насамрэч на шыльдзе напісана “Красавик”), “Слодыч” “Світанак” і адзначае, што да дзяржаўных святаў і мерапрыемстваў вырабляюцца бігборды, шыльды і іншае на дзвюх мовах. Таксама ён піша, што ў крамах ёсць рэклама “Купляйце беларускае”, “Зроблена на Магілёўшчыне”, а іншае залежыць толькі ад жадання гаспадароў гандлёвых аб’ектаў, якім гарвыканкам можа толькі рэкамендаваць выкарыстоўваць поруч з рускай мовай і беларускую.

Чыноўнік паведамляе, што шыльды Палаца грамадзянскіх абрадаў і гарадской карціннай галерэі будуць выраблены на дзвюх мовах. Што тычыцца прадпрыемстваў, то ім гарвыканкам таксама прапаноўваў выкарыстоўваць беларускую мову. У адказе пералічаюцца назвы прадуктаў, каторыя ўжо выпускаюцца ў Бабруйску з белмоўнымі ўпакоўкамі - гэта некалькі прадуктаў хлебазавода, фабрыкі “Чырвоны харчавік” (на яе прадукцыі часам выкарыстоўваюць дзвюхмоўнасць толькі у пераліку складнікаў прадукта) і Бабруйскага завода напояў (пладовыя віна “Несцерка”, “Беларускі пачастунак”, “Яблычна-сунічнае”) - вось і ўсе бабруйскія “сувеніры”.

Напрыканцы ліста супрацоўнік гарвыканкама нагадвае і пра тое, што беларуская мова гучыць у грамадскім транспарце, толькі рэклама ў ім падаецца на мове па жаданні рэкламадаўцы. Пры нязгодзе з вынікамі разгляду звароту бабруйчанам раяць звяртацца ў Магілёўскі аблвыканкам.

Такім чынам, лёс папулярызацыі беларускай мовы ў Бабруйску застаецца няпэўным. Якія меры будуць прымацца чыноўнікамі менавіта ў будучыні, і ці будуць яны прымацца ўвогуле, з дадзенага адказу зразумець немагчыма. Склалася ўражанне, што мясцовыя чыноўнікі хацелі запэўніць заяўнікаў, што нібыта ніяк не могуць паўплываць на папулярызацыю беларускай мовы без жадання прадпрыемстваў, прадпрымальнікаў і іншых, а могуць толькі “рэкамендаваць”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства