viasna on patreon

У студэнтаў журфака БДУ бяруць падпіскі аб нявыезьдзе за мяжу

2006 2006-10-26T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У самым пачатку кастрычніка Беларускай школаю журналістыкі супольна з польскім цэнтрам міжнародных стасункаў быў зладжаны трэнінг для беларускіх журналістаў у Варшаве. Сярод іх былі студэнты факультэту журналістыкі БДУ. Калі група журналістаў пасьля трэнінгу вярталася ў Менск па цягніку, падчас праверкі пашпартоў супрацоўніца камітэту дзяржаўнай бясьпекі перапісала імёны й прозьвішчы ўсіх, хто браў удзел у праграме. Сярод іх была студэнтка другога курсу факультэту журналістыкі БДУ, сябра моладзі Партыі БНФ Даша Румянцава.

У аўторак, 24 кастрычніка, Дашу выклікалі ў дэканат для размовы з намесьнікам дэкану па ідэялёгіі Курэйчык Ганнай Віктараўнай. Пасьля размовы ад Дашы запатрабавалі напісаць тлумачальную цыдулку на імя дэкана, хаця перад гэтым яна вусна патлумачыла, дзе знаходзілася ў пэрыяд з 2 па 6 кастрычніка. Даша напісала, што адсутнічала на занятках па прычыне свайго знаходжаньня ў Варшаве на трэнінгу для журналістаў. Такое тлумачэньне не задаволіла спадарыню Курэйчык, і яна паклікала дэкана Дубовіка Сяргея Валянцінавіча для працягу размовы з Дашаю. Пасьля пагрозаў наконт адлічэньня за пропускі й абвінавачваньняў у наўмысным парушэньні статуту БДУ дэкан запатрабаваў перапісаць тлумачальную цыдулку. Пад яго дыктоўку Даша мусіла напісаць, што наўмысна прагуляла заняткі, чым парушыла ўнутраны распарадак факультэту. Вуснага абяцаньня з боку студэнткі, што такое больш не паўторыцца было недастаткова: яе папрасілі напісаць распіску аб тым, што яна не пакіне межы Беларусі без дазволу дэкана факультэта журналістыкі й без адмысловага дазволу міністэрства адукацыі. Варта адзначыць, што міністэрства адукацыі дае дазвол на ўдзел у адукацыйных праграмах толькі ў тых арганізацыях, зь якімі БДУ мае афіцыйныя дамовы. Да таго ж, зьвяртацца па дазвол патрэбна не пазьней, чым за 30 дзён да паездкі.

Па інфармацыі прэс-службы партыі БНФ, у трэнінгу, на які езьдзіла Даша Румянцава, бралі ўдзел каля дзесяці студэнтаў факультэту журналістыкі. Усе яны былі прымушаныя напісаць аналягічныя распіскі. Ці мае права дэкан факультэту браць падобныя распіскі? На гэтае пытаньне адказвае кіраўнік юрыдычнай камісіі Партыі БНФ Уладзімер Лабковіч:

- Дадзеная сытуацыя ёсьць грубым парушэньнем права чалавека на свабоднае перамяшчэньне. Разам з тым, вядома, дэкан ня мае права браць аніякіх распісак у студэнтаў. Яны ня ёсьць дакумэнтамі й ніякай юрыдычнай сілы ня маюць. Тут звычайнае запалохваньне студэнтаў, пагрозы аб адлічэньні. Гэта ўсё кажа пра тое, што ўлада баіцца й робіць усё для таго, каб не даць магчымасці людзям удзельнічаць у адукацыйных праграмах, якія, на жаль, амаль немагчыма праводзіць не за межамі Беларусі.

Што думае сама Даша Румянцава наконт сытуацыі, у якую яна трапіла? Студэнтка кажа:

- Мяне прымусілі напісаць тое, што пісаць я не хацела. Гэта быў гвалт. Мне пагражалі адлічэньнем, хоць я плачу за вучобу. Да таго ж, паводле статуту БДУ адлічаць могуць толькі тых студэнтаў, якія прапусьцілі больш за 25 адсоткаў ад усіх заняткаў цягам сэмэстру. Я лічу, што мае правы былі парушаныя грубым чынам. Ні дэкан, ні яго намесьніца не хацелі слухаць нічога пра тое, што я ўдзельнічала ў трэнінгу, які цалкам адпавядае маёй спэцыяльнасьці, што было вельмі крыўдна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства