Віцебскую актывістку кампаніі «Наш дом» Тацяну Якаўлеву затрымалі «за тэрарызм»
Спадарыня Якаўлева ехала ў пасёлак Коханава
на імпрэзу кампаніі «Наш дом», і везла пакунак зь фірмовымі
саколкамі і флікерамі — падарункамі ўдзельнікам.
Падчас затрыманьня супрацоўнікі міліцыі заявілі, што Тацяна Якаўлева,
паводле службовай арыенціроўкі, падобная па прыкметах да тэрарысткі
ў вышуку. І што ў сумцах у яе — траціл.
Праўда, арыенціроўку спадарыні Тацяне не паказалі, толькі завезьлі
ў гарадзкі аддзел міліцыі.
«Пераглядаюць мае рэчы. У тым ліку саколкі зь лягатыпам кампаніі «Наш
дом», — паведаміла праз тэлефон Тацяна Якаўлева.
У Аршанскі ГАУС патэлефанаваў Мікалай Петрушэнка, актывіст кампаніі «Наш
дом» з Коханава, куды і кіравалася спадарыня Тацяна. Там заплянаваная
імпрэза — спаборніцтвы па рыбнай лоўлі і невялікі паход
па рэчцы Сакалянцы.
«Міліцыянты сказалі, што ім забаронена са мной размаўляць,
і ад тэлефонных камэнтароў адмовіліся. У мяне такое ўражаньне, што
яны хочуць сарваць наша мерапрыемства, бо адзіным «падазроным грузам»
у Тацяны былі рэчы з сымболікай кампаніі — сказаў Мікалай
Петрушэнка.