Скаргу наконт забароненага пікета ў Брэсце не задаволілі
4 чэрвеня Брэсцкі абласны суд разгледзеў касацыйную скаргу актывіста Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” і сябра прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Аляксандра Дзенісенкі на рашэнне суда Ленінскага раёна абласнога цэнтра.
Раней суд першай інстанцыі адмовіўся задаволіць скаргу актывіста на дзеянні намесніка старшыні Брэсцкага гарвыканкама Вячаслава Хафізава, які забараніў правядзенне 17 сакавіка пікета супраць высокіх коштаў на жыллё і вялікіх адсоткаў на атрыманне крэдыту. Пікет планаваўся як адзіночны ў вызначаным гарадскімі ўладамі месцы, пры гэтым заяўнік браў на сябе абавязак захоўваць парадак і прыбраць тэрыторыю пасля заканчэння акцыі. Аднак суд сваю адмову задаволіць скаргу матываваў тым, што Аляксандр Дзенісенка не заключыў дамовы з органамі міліцыі, аховы здароўя і камунальным прадпрыемствам, як гэта прадугледжана сумна вядомым рашэннем гарвыканкама № 1210 ад 30 чэрвеня 2011 году.
Пасля таго, як абласны суд пакінуў без зменаў рашэнне суда Ленінскага раёна г.Брэста, Дзенісенка мае намер падаць наглядную скаргу старшыні абласнога суда Тамары Сучок. І ўвогуле сябра Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” збіраецца прайсці ўсе судовыя інстанцыі краіны, каб даказаць слушнасць сваёй пазіцыі.