Брэсцкі абласны суд не задаволіў скаргу Алега Стахаевіча
Кіраўнік суполкі незалежнага прафсаюзу прадпрыемства “Граніт” у Мікашэвічах спрабаваў дамагчыся аднаўлення на працы, аднак калегія абласнога суду прызнала законным рашэнне, якое раней прыняў суд Лунінецкага раёну у гэтай справе, і прызнаў законным звальненне Алега Стахаевіча.
Нягледзячы на тое, што сам Стахаевіч лічыць такі вырак абласнога суду прадказальным, ён гатовы працягваць абскарджваць сваё звальненне. Паплечнікі Алега па незалежным прафсаюзным руху, якія прыехалі ў Брэст падтрымаць кіраўніка суполкі на “Граніце”, лічаць гэтую справу палітычна матываванай і яшчэ адным сведчаннем парушэння правоў прафсаюзаў у Беларусі.
Нагадаем, што ад моманту стварэння на галоўным прадпрыемстве ў Мікашэвічах незалежнага прафсаюзу, адміністрацыя “Граніта” вырашыла звольніць не толькі Алега Стахаевіча, але і некаторых іншых актывістаў суполкі - Мікалая Карышава, Генадзя Паўлоўскага і Людмілу Літвінка.