Магілёўскі прафсаюзны актывіст абскарджвае сваё затрыманьне
Ужо другі раз на працягу кастрычніка міліцэйскім патрулём у Магілёве быў затрыманы грамадзкі актывіст і распаўсюднік інфармацыйнага бюлетэню РЭП “Экспресс-инфо” Юры Дарашэнка. Апошняе здарэньне адбылося зь ім каля прахадной Магілёўскага мэталюргічнага завода, дзе Ю.Дарашэнка раздаваў мінакам сьвежы нумар бюлетэню, які, дарэчы, мае ўсе неабходныя рэквізыты і адпавядае патрабаваньням Закону аб друку. Аднак міліцэйскі патруль, выкліканы да прахадной кімсьці з супрацоўнікаў прадпрыемства, затрымаў распаўсюдніка і даставіў яго ў пастарунак Ленінскага РАУС. Там, нягледзячы на прадастаўленыя матэрыялы наконт поўнай законнасьці сваіх дзеяньняў, Ю.Дарашэнка быў пратрыманы каля сорак хвілін. Столькі часу спатрэбілася капітану міліцыі Юрыю Кірыловічу для азнаямленьня са зьместам выданьня. Пасьля таго, як міліцыянты ўзялі пісьмовае тлумачэньне ад прафсаюзнага актывіста, апошні быў выпушчаны з пастарунку без складаньня ніякіх пратаколаў і, натуральна, без атрыманьня прабачэньняў.
Аднак Юры Дарашэнка ня лічыць эпізод са сваім чарговым затрыманьнем вычарпаным. Ён зьвярнуўся з адмысловай скаргай у абласное ўпраўленьне ўнутраных справаў на паводзіны магілёўскай міліцыі, якая ўжо неаднойчы чыніла неабгрунтаваныя перашкоды законнаму распаўсюду інфармацыі, паведаміла прэс-служба Асамблеі НДА.