viasna on patreon

Чатыры сябры першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу прадпрыемства "Белшына" далучыліся да пратэсту Алены Захожай

2006 2006-10-19T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Васіль Корабаў удакладніў, што рашэньне пра бестэрміновую галадоўку прынялі Сяргей Гурло, Рыгор Спасюк, Сяргей Сьмірноў, Міхал Усьціновіч. Суразмоўца падкрэсьлівае, што ўсе ўдзельнікі галадоўкі працуюць на вытворчасьці са шкоднымі ўмовамі. Васіль Корабаў кажа, што адміністрацыя “Белшыны”, кіраўнікі канцэрну “Белнафтахім” і Бабруйскага гарвыканкаму адмаўляюцца гаварыць пра тое, што галадоўнікі рызыкуюць атрымаць траўмы ці калецтва: “Нельга людзей даводзіць да такога стану. Ёсьць шляхі вырашэньня праблемаў цывілізаваным чынам”.

Са словаў Васіля Корабава, Міжнародная арганізацыя працы вырашыла накіраваць у Бабруйск свайго прадстаўніка. Аднак заўтра ўжо апошні дзень тыдня, а ў панядзелак будуць 23-я суткі, як галадае Алена Захожая. І вось што заявіла яна сёньня: “Аднаго хачу — памерці. І мне вельмі хацелася б памерці раней, чым, ня дай Бог, што-небудзь здарыцца з мужыкамі. Я не хачу гэтага бачыць. Ад самай раніцы плачу-плачу, і не магу супыніцца. А я і так ня п’ю вады. У мяне ўжо няшмат вады ў арганізьме. Літар ужо выплакала...”

Алена Захожая тлумачыць, што змушаная распачаць цяпер сухую галадоўку з-за папрокаў начальства, быццам яна марнуе працоўны час на спажываньне пітной вады з крыніцы ў цэху.

3 кастрычніка электрык ААТ “Белшына”, якая адпрацавала на гэтым прадпрыемстве 31 год, пачала галадоўку на знак пратэсту супраць дыскрымінацыі наймальнікам сябраў БНП. Гэта другая галадоўка пратэсту Алены Захожай. Першая адбылася пяць гадоў таму. Прычыны былі такія ж, і закончылася тая галадоўка ў бальніцы. Тады патрабаваньні Алены Захожай былі выкананыя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства