Адмовіўся ад пашпарта — ва ўнівэрсытэт не паступіш
Мікалай Сурба, як і ягоныя бацькі, адмовіўся ад пашпарта з асабістым ідэнтыфікацыйным нумарам. Бяз пашпарта ў яго не прымаюць дакумэнты, каб прайсьці агульнанацыянальнае тэставаньне.
Сам хлопец з журналістам размаўляць засаромеўся, а бацькі Мікалая Сурбы
кажуць, што нежаданьне іхнай сям’і атрымліваць пашпарты
з ідэнтыфікацыйнымі нумарамі грунтуецца на тым, што асабісты нумар —
гэта нішто іншае, як адмова ад уласнага імя, атрыманага пры хрышчэньні,
і прызнаньне ўладарства над сабой нейкай іншай, нябоскай сілы.
З гэтымі аргумэнтамі Сяргей і Алена Сурбы разам са сваімі аднадумцамі
хадзілі да міністраў, дэпутатаў, чыноўнікаў, пісалі ў Канстытуцыйны суд,
але безвынікова.
Нядаўна ў справе сына Сяргей Сурба зьвяртаўся да міністра адукацыі
Аляксандра Маскевіча, тлумачыў яму, што ня пашпарт праходзіць
тэставаньне, а чалавек. У сына, паводле Сурбы, на руках ёсьць даведка
з аддзяленьня міліцыі, куды ён здаў пашпарт. На яго думку, можна зрабіць
запыт у міліцыю, каб пацьвердзіць вартасьць гэтае даведкі.
Сурба: «Мы да гэтае пары чакаем адказу ад міністра
Маскевіча. Я ўжо некалькі разоў тэлефанаваў ягонай памочніцы, а яна мне
з ухмылкай адказвае: маўляў, вы самі ва ўсім вінаватыя».
Спадарыня Алена распавядае, што паўгода не магла атрымаць законнай
пэнсіі, бо з-за адсутнасьці пашпарта ёй адмаўляліся афармляць дакумэнты. Праўда, пазьней усё ж зрабілі гэта на падставе даведкі зь міліцыі, у якой
запісана, што пашпарт здадзены. Ейны муж — будаўнік і дагэтуль ня можа
заключыць дамову, калі выконвае паслугі. З гэтае прычыны яго нярэдка
ашукваюць і ня плацяць за зробленае.
За сына ім вельмі крыўдна, але яны папросту ня ведаюць, што далей
рабіць. Спадзяюцца на дапамогу царквы і Бога. Спадарыня Алена кажа, што
людзей, якія ў Беларусі адмовіліся ад пашпарта, толькі згодна
з афіцыйнай статыстыкай, больш за 800 чалавек, і ўсе яны абмежаваныя
ў сваіх правах. Бацькі ўпэўненыя, што сын ня пойдзе назад па пашпарт.
Спадарыня: «Сын наш спартсмэн нядрэнны, мае вышэй
за 8 балаў пасьпяховасьць. Ён добры, нармальны хлопец, і цяпер павінен
застацца безь нічога. Яму сказалі, што дакумэнты бяз пашпарта
ня прымуць».
У камісіі па агульнанацыянальным тэставаньні намесьніца старшыні Аксана Валюк патлумачыла,
што згодна з указам прэзыдэнта дакумэнтамі, якія пацьвярджаюць асобу,
могуць быць толькі пашпарт, від на жыхарства, пасьведчаньне ўцекача
альбо даведка зь міліцыі пра тое, што дакумэнт быў згублены. У іншым
выпадку яны ня могуць прыняць дакумэнты для тэставаньня.
Урэшце Аксана Валюк параіла сям’і Сурбаў, калі яны зьбіраюцца жыць
у гэтай краіне і надалей, нягледзячы на свае перакананьні, нечым
паступіцца дзеля дзяцей.
Валюк: «Калі яны хочуць, каб дзеці вучыліся далей,
ім трэба рабіць пашпарт, інакш яны перакрываюць ім усе шляхі. Яны
на працу не ўладкуюцца, нідзе не прапішуцца, нідзе жыць ня змогуць —
гэта ж дакумэнт, які пацьвярджае асобу. Ён і за мяжу нікуды ня зможа
паехаць. Я наагул не ўяўляю — яны ўсё перакрываюць гэтым дзецям».
Гарадзенскі праваабаронца Раман Юргель дапамагае
вернікам кансультацыямі на працягу 5 гадоў. Ён кажа, што ў суседняй
Украіне такім людзям выдаюць пашпарт з адзнакай, што яны адмовіліся
ад ідэнтыфікацыйнага нумару, і гэта здымае для іх шэраг праблемаў.
Юргель: «Гэтае здушэньне іншадумства — гэта ўсё
з нашага мінулага. І зараз у нас чыноўнікі — гэта нашчадкі тых, хто
руйнаваў храмы, хто перапісваў людзей пад царквой, перасьледаваў
іх за тое, што моляцца. Нашчадкі тых зараз пры ўладзе і робяць усё, каб
зьдзекавацца зь людзей».
Праваабаронца Гары Паганяйла, які таксама неаднойчы
адстойваў правы вернікаў у самых розных інстанцыях, абапіраючыся
на міжнародны вопыт, перакананы, што разьвязаньне гэтай праблемы ляжыць
найперш не ў прававой плоскасьці, а ў маральнай.
Паганяйла: «Дзе больш чалавечная ўлада, там яна ідзе
насустрач сваім людзям, а тут упіраецца рогам і лічыць, што няма ніякіх
падставаў, каб зьмяніць правілы і аблягчыць жыцьцё сваім грамадзянам.
Вось і ўсё».