viasna on patreon

У мэтах барацьбы з тэрарызмам Мінюст запланаваў дапаўненні ў Закон аб друку

2006 2006-10-18T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У закон “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі” плянуецца ўнесьці дапаўненьні. Міністэрства юстыцыі Беларусі прапануе, у адпаведнасьці з падрыхтаваным ім законапраектам “Аб ўнясеньні дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаньнях супрацьдзеяньня тэрарызму”, дапоўніць артыкул 5 Закона аб друку палажэньнем аб недапушчэньні выкарыстання СМІ для “распаўсюджваньня інфармацыі, якая служыць прапагандзе альбо апраўданню тэрарызму”.

- Сёньня мы гэты праект закона перадалі на разгляд у Савет Міністраў. Папярэдне дакумэнт быў ўзгоднены з усімі зацікаўленымі бакамі: КДБ, МУС, Мінінфармацыі, Пракуратурай і Вярхоўным судом, - паведамілі прэс-службе БАЖ у Міністэрстве юстыцыі.

Зараз Законам “Аб барацьбе з тэрарызмам” устаноўлена забарона на распаўсюджаньне такой інфармацыі. Аднак гэтая норма дзейнічае толькі падчас правядзеньня контртэрарыстычнай апэрацыі, - сьцьвярджаецца ў пісьмовым адказе Міністэрства юстыцыі за подпісам намесьніка міністра І. Тушынскага на афіцыйны запыт БАЖу. “Разам з тым, сёньня практычна ўсе арганізацыі радыкальнага кшталту маюць свае сайты ў Інтэрнэце. Міжнародныя тэрарысты актыўна выкарыстоўваюць існуючыя інфармацыйныя рэсурсы сеткі Інтэрнэт для прапаганды сваіх ідэй, размяшчэньня матэрыялаў, якія апраўдваюць тэрарызм, і г.д. Акрамя таго, у шэрагу выпадкаў на інтэрнэт-сайтах сродкаў масавай інфармацыі пры асвятленьні ходу судовых працэсаў па справах аб тэрарызме адбываецца абнародаваньне выступленняў у абарону абвінавачаных-тэрарыстаў,”— тлумачыцца ў лісьце неабходнасьць унясеньня дапаўненьняў у Закон аб друку.

Свой пункт гледжаньня на запланаваныя дапаўненьні выказаў Андрэй Бастунец, намесьнік старшыні грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў”: “Гэты законапраект адлюстроўвае агульную тэндэнцыю: абмежаваньне свабоды выказваньня. Я ня бачу неабходнасьці ў Беларусі, якая, дзякую Богу, не знаходзіцца на першай лініі фронту барацьбы з тэрарызмам, ўводзіць у закон аб друку гэткія нормы. Рызыка не ў дапаўненьні закона, а ў тым, як ён будзе выкарыстоўвацца на практыцы. Тое, што гэткая рызыка існуе, падкрэслівае нават абгрунтаваньне Мін’юста: маўляў, пры асьвятленьні хода судовых працэсаў СМІ могуць абнародаваць выступы у абарону абвінавачаных-тэрарыстаў. Але, па-першае, калі гэтыя выступы адбыліся падчас адкрытых справаў, то аб абнародаваньні казаць ужо нельга (гэта адбылося падчас судовага разбіральніцтва). Па-другое, няблага памятаць, што абвінавачаныя карыстаюцца прэзумпцыяй невінаватасьці, і выступы ў іх абарону яшчэ ня ёсьць выступамі ў абарону тэрарызму."

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства