viasna on patreon

Супрацоўнікі КДБ спрабавалі завербаваць паэта Алега Нагорнага

2012 2012-05-14T12:30:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kgbrb.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Супрацоўнікі КДБ пры падтрымцы міліцыянтаў з Завадскога РАУС Менска ажыццявілі спробу вярбоўкі праваслаўнага паэта і публіцыста Алега Нагорнага.

Першая спроба вярбоўкі адбылася ўвечары 8 траўня. Да Алега Нагорнага затэлефанавала дзяўчына і паведаміла, што хоча паразмаўляць “пра нешта нетэлефоннае”.

“Думаў, што гаворка пра жодзінскія грамадскія арганізацыі, у якіх браў некалі ўдзел, і паехаў. Хаця настаяў на сустрэчы не ў прапанаванай кватэры, а на прыпынку грамадскага транспарту. Зусім не доўга былі мы сам-насам з дзяўчынай. Хутка да размовы далучыліся хлопцы «у цывільным» год 30-ці з афіцэрскай выпраўкай і прагай даведацца пра мае стасункі з БХД. Мне прарочылі добры патэнцыял у гэтай арганізацыі, калі я буду праяўляць больш актыўнасці, і абяцалі пры гэтым спакойнае жыццё ў абмен на інфармацыю”,- распавёў Алег Нагорны.

Ад супрацоўніцтва хрысціянін адмовіўся, у адказ на што з ім паабяцалі паразмаўляць “інакш”.

11 траўня да Алега Нагорнага на працу прыйшлі іншыя невядомыя ў цывільным. “Прадставіцца адмовіліся, пагаварыць у кабінеце таксама. Павялі ў калідор, дзе паведамілі, што ёсць дзяўчына, якая хоча напісаць заяву пра тое, што я выкраў у яе дакументы, і зробіць гэта, калі не атрымаецца дамовіцца “па-добраму”. (Трэба сказаць, што напярэдадні сапраўды з нумара той самай, якая прынадзіла мяне да сустрэчы, ішлі смс-паведамленні з абвінавачаннем у крадзяжы пашпарта – відаць, рыхтавалі “доказную базу”. Толькі, цікава, па якім артыкуле?) Я папрасіў прадставіцца і прама сказаць, што ад мяне патрабуецца, бо інакш не разумею ў чым справа, і не магу нічым памагчы. Далі часу падумаць да вечара і сыйшлі”,- распавёў паэт.

Увечары Алега Нагорнага ў суправаджэнні капітана міліцыі адвезлі ў Завадскі РАУС Менска “для высвятлення абставінаў”.

У аддзяленні міліцыі Алегу Нагорнаму пагражалі крымінальным абвінавачаннем у крадзяжы дакументаў дзяўчыны, якая прызначыла яму першую сустрэчу. Дзеля гэтага ў Завадскі РАУС прывезлі таксама патэнцыйную “пацярпелую”, якую Алег Нагорны пазней ідэнтыфікаваў праз сацыяльныя сеткі, як Кацярыну Ляшкевіч родам з горада Дзісна Мёрскага раёну.

Пазней пагражалі ўжо прыцягненнем да крымінальнай адказнасці за згвалтаванне. Размову па чарзе праводзілі міліцыянты і невядомы ў цывільным.

Апроч таго, супрацоўнікі міліцыі тэлефанавалі жонцы Алега Нагорнага і ў ягонай прысутнасці распавядалі ёй, што муж, нібыта, сустракаецца з прастытуткай.

Пасля няўдалых спробаў вярбоўкі Алега Нагорнага адпусцілі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства