Галадоўка пратэстантаў працягваецца
180 вернікаў царквы “Новае жыцьцё” трымаюць зараз галадоўку ў Менску. Людзі круглыя суткі знаходзяцца ў будынку царквы. Галадоўнікі маюць намер трымацца да таго часу, пакуль улады не пачнуць зь імі дыялёг і ня вернуць будынак.
Уладзімір Мацкевіч узначальвае аргакамітэт стварэньня партыі Беларускія хрысьціянскія дэмакраты. Ён далучыўся да галадоўкі пратэстантаў. Мацкевіч, адзін з тых, хто дзесятыя суткі не пакідае будынку царквы.
- Настрой бадзёры. Людзі ўсё больш і больш разумеюць, што ўсё ня проста, што магчымыя й нейкія хуткія дзеяньні, да якіх мы таксама рыхтуемся, калі нешта сёньня-заўтра адбудзецца. Ну, мы таксама рыхтуемся да таго, што ўсё можа зацягнуцца на шмат месяцаў і, тады мы таксама ведаем, што рабіць. Людзі ўсё больш сьвядома ўдзельнічаюць у акцыі. Першапачатковы парыў, натхненьне, якія прывялі сюды людзей, цягам часу перараджаецца ва ўсьведамленьне таго, што гэта адбываецца і на якім фронце тут мы знаходзімся. Тамму, думаю, такая дынаміка эвалюцыі настрояў, чаканьняў людзей вельмі здаровая, вельмі цьвярозая, – паведаміў Мацкевіч “Радыё Свабода”.
Штодня да вернікаў прыязжаюць пратэстанты зь іншых суполак з усіх рэгіёнаў краіны. Учора некалькі дзесяткаў чалавек прыехалі з Паставаў і Наваполацку. Больш за тысячу чалавек правялі сумеснае набажэнства. Людзі маліліся за лёс усіх хрысьціянаў у Беларусі. Сёньня вернікі чакаюць гасьцей з расейскага Пскову.
16 кастрычніка ўлады мусяць даць адказ наконт заяўкі пратэстантаў аб правядзеньні мітынгу на плошчы Бангалор. Вернікі такім чынам хочуць прыцягнуць больш увагі грамадзкасьці да праблемаў хрысьціянаў-пратэстантаў у Беларусі.