Магілёўскія актывісты зладзілі флэш-моб
14 кастрычніка ў Магілёве адбылася акцыя, якую правялі актывісты моладзевых суполак. Моладзь выступіла на знак салідарнасьці зь сябрамі гарадзкой суполкі “Маладога фронту”, якія былі затрыманыя 14 верасьня і цяпер перасьледуюцца адміністрацыямі сваіх навучальных устаноў і супрацоўнікамі КДБ.
У акцыі прынялі ўдзел столькі ж, колькі было затрымана месяц таму, - 25 чалавек. Маладыя людзі, паклаўшы рукі адзін аднаму на плечы, ланцужком некалькі разоў прайшлі пад вокнамі Ленінскага РАЎС Магілёва і будынку КДБ.
Нагадаем, што 14 верасьня падчас справаздачна-выбарчага сходу "Маладога Фронту" да магілёўскай філіі ПЦ "Вясна" пад'ехаў аўтобус ПАЗ з спэцназаўцамі. Яны ўварваліся ў офіс, дзе затрымалі 25 чалавек, канфіскавалі літаратуру. Затрыманых адвезьлі ў Ленінскі РАУС. Там правёўся агляд іх рэчаў і допыты. Праз нейкі час актывістаў адпусьцілі.