Павал Красоўскі выпушчаны з-пад варты
Сёньня, 15 кастрычніка, быў выпушчаны з ізалятара часовага ўтрыманьня жодзінскі моладзевы актывіст Павал Красоўскі. У пятніцу праводзілася апазнаньне па справе леташніх выбухаў у Віцебску, ў дачыненьні да якіх падазраецца Красоўскі. Актывіста не апазналі, і доказы, якія б сьведчылі пра яго віну, таксама не былі знойдзены.
У нядзелю скончыўся тэрмін утрыманьня Красоўскага пад вартай. І ён накіраваўся дадому. Статус падазраванага зь яго пакуль ня зьняты. Але, лічыць адвакат Павал Сапелка, такое разьвіцьцё падзей дазваляе меркаваць, што ў хуткім часе справа будзе спыненая.
Праваабаронцы цэнтру “Вясна” таксама лічаць гэты момант невялікай перамогай і выказваюць падзяку журналістам і абаронцам Паўла Красоўскага Вячаславу Праскаловічу і Паўлу Сапелку.
Нагадаем, Паўла Красоўскага ўтрымлівалі пад вартай паводле падазрэньняў, высунутых Рэспубліканскай пракуратурай – датычнасьць да выбухаў у Віцебску 14 і 22 верасьня 2005, а таксама згвалтаваньні і забойствы няпоўнагадовых дзяўчат, якія заставаліся нераскрытымі з 1999 году. За гэтыя асабліва цяжкія здачынствы Крымінальны кодэкс прадугледжвае пажыцьцёвае зьняволеньне або сьмяротнае пакараньне.