"Предпринимательская газета" атрымала папярэджаньне. Дзейнасьць выданьня прыпыненая на тры месяцы.
19-га чэрвеня першы намеснік міністра інфармацыі С. Нічыпаровіч падпісаў папярэджанне рэдакцыі "Предпринимательской газеты" (УП "Марат") і загад аб яе прыпыненні на тры месяцы. Абодва дакументы рэдакцыя атрымала па пошце 23-га чэрвеня.
Папярэджанне рэдакцыя газеты атрымала за матэрыял пад загалоўкам "Узаконненный беспредел" (№17 за 9-16 чэрвеня г.г.), прысвечаны звальненню дырэктара Паліграфічнага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Красная звезда" Уладзіміра Целеша. У артыкуле сцвярджалася, што прычыны звальнення сп. Целеша не раскрываюцца і што звальненне "не можа быць юрыдычна абгрунтаваным". Са свайго боку, міністэрства заяўляе, што працоўная дамова з ім была скасаваная ў адпаведнасці з арт. 259 Працоўнага кодэкса РБ. Такім чынам, Міністэрства інфармацыі палічыла, што публікацыяй быў парушаны арт. 40 дзейнага Закона аб друку, згодна з якім журналіст абавязаны правяраць сапраўднасць атрыманых ім звестак.
19-га чэрвеня намеснік міністра інфармацыі С. Нічыпаровіч падпісаў загад №109 аб прыпыненні "Предпринимательской газеты" тэрмінам на тры месяцы "у сувязі з парушэннем рэдакцыяй...заканадаўства аб друку, якое вывявілася ў апублікаванні... несапраўдных звестак".
Намеснік генеральнага дырэктара УП "Марат" Любоў Вашкевіч заявіла прэс-службе БАЖ, што рэдакцыя будзе абскарджваць вынесенае папярэджанне і загад намесніка міністра. У той жа час, пасля прыпынення "Предпринимательской газеты" ў журналістаў "БДГ" пакуль не засталося магчымасцяў данесці свае матэрыялы да чытача.
Нагадаем: 11-га чэрвеня Міністэрства інфармацыі вынесла таксама папярэджанне траім заснавальнікам "Предпринимательской газеты" - Глебу Багамолаву, Алегу Драздову і Ігару Кавалевічу - за парушэнне арт.11. дзейнага Закона аб друку. Міністэрства звінавачвае заснавальнікаў газеты ў тым, што яны змянілі юрыдычны адрас рэдакцыі і тэматыку выдання. (Рэдакцыяй выдання цяпер выступае УП "Марат", а ў газеце публікуюцца матэрыялы журналістаў "БДГ"). Заснавальнікі ўжо абскардзілі папярэджанне ў Міністэрства інфармацыі, паколькі, паводле дзейнага заканадаўства аб друку, выданне мае права паведаміць Мінінфармацыі пра змену свайго адраса і тэматыкі напрацягу месяца. Адказу ад міністэрства яны пакуль не атрымалі.
Паводле БАЖ