viasna on patreon

Савет пры прэзідэнце па правах чалавека просіць Мядзведзева спрыяць вызваленню праваабаронцы Алеся Бяляцкага

2012 2012-04-29T12:16:16+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/saviet-hr-rf.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Паседжанне Савета пры прэзідэнце РФ па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека

Паседжанне Савета пры прэзідэнце РФ па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека

28 красавіка на сустрэчы з прэзідэнтам РФ Дзмітрыем Мядзведзевым у падмаскоўнай рэзідэнцыі Горкі сябры Савета па правах чалавека перадалі яму ліст з просьбай выкарыстоўваць увесь свой уплыў, каб спрыяць вызваленню ў Беларусі праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

 

 

Тэкст ліста:

Прэзідэнту Расійскай Федэрацыі
Д.А. Мядзведзеву

Паважаны Дзмітрый Анатольевіч!

Мы просім Вас выкарыстоўваць увесь Ваш уплыў для таго, каб спрыяць вызваленню са зняволення ў Рэспубліцы Беларусь нашага калегі, праваабаронцы Аляксандра (Алеся) Віктаравіча Бяляцкага.

Алесь Бяляцкі - адзін з самых вядомых беларускіх праваабаронцаў, старшыня праваабарончага цэнтра "Вясна", віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека. Мы ўсе добра ведаем і вельмі высока ацэньваем яго праваабарончую дзейнасць, якой ён займаўся на працягу апошніх дваццаці пяці гадоў, многія з расійскіх праваабарончых арганізацый супрацоўнічалі з узначаленым ім цэнтрам "Вясна". Алесь Бяляцкі - абсалютна бескарыслівы і сумленны чалавек, цалкам адданы абароне правоў чалавека як у сябе на радзіме, так і ва ўсім свеце. Дзякуючы дзейнасці Алеся Бяляцкага, шмат яго суайчыннікаў змаглі атрымаць прававую дапамогу, дамагчыся аднаўлення парушаных правоў.

За сваю праваабарончую працу Алесь Бяляцкі быў уганараваны шэрагам прэмій, у тым ліку шведскай прэміяй імя Пера Ангера (2006 г.), прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава Нарвежскага Хельсінскага камітэта (2006 г.), дыпломам "За мужнасць і барацьбу за свабоду" (на ўзнагароджанні 2 кастрычніка 2011 года на V Міжнародным фестывалі праваабарончых фільмаў у Бішкеку Алесь Бяляцкі не прысутнічаў, паколькі на той час ужо знаходзіўся пад арыштам).

3 кастрычніка 2011 г. Алесь Бяляцкі быў вылучаны на Нобелеўскую прэмію міру. На момант вылучэння яго кандыдатуры чатыры лаўрэаты прэміі выказалі сваю згоду з гэтым вылучэннем. Кандыдатуру Бяляцкага падтрымалі парламентарыі 27 краін - сябраў Савета Еўропы. У красавіку 2012 г. Нобелеўскі камітэт у Осла зноў зарэгістраваў Алеся Бяляцкага афіцыйным кандыдатам на атрыманне прэміі міру.

Наш сябар і калега Алесь Бяляцкі быў арыштаваны 4 жніўня 2011 г. па надуманай прычыне ўхілення ад падаткаў. 23 лістапада 2011 г. суд Першамайскага раёна Мінска прызнаў Алеся Бяляцкага вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і прысудзіў да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса РБ).

Цалкам відавочна, што Бяляцкі быў пакараны за свой удзел у справе абароны правоў чалавека ў Беларусі. Усе сродкі, у нявыплаце падаткаў з якіх ён абвінавачаны, прызначаліся выключна на праваабарончую дзейнасць, гэтыя сродкі не з'яўляліся прыбыткам Бяляцкага.

Некаторыя з сябраў Савета пры Прэзідэнце Расіі па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека прысутнічалі ў якасці назіральнікаў у Мінску на працэсе па справе Алеся Бяляцкага. Яны адзначалі, што працэс ішоў з відавочна абвінаваўчым ухілам, усе довады абароны суд проста не прымаў да ўвагі, пазіцыя абароны не была наогул ніяк адлюстравана ў прысудзе, які відавочным чынам знаходзіцца ў супярэчнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. З шэрагу дакументаў, агучаных падчас працэсу, стала відавочна, што органы пракуратуры, узбуджаючы крымінальную справу супраць Алеся Бяляцкага, выконвалі прамы палітычны заказ - спыніць працу праваабарончага цэнтра "Вясна".

Алесь Бяляцкі прызнаны арганізацыяй Amnesty International вязнем сумлення. Усе мы і нашы арганізацыі падзяляем гэтую ацэнку.

Цяпер з месца зняволення Алеся Бяляцкага прыходзяць трывожныя навіны пра прыкметнае пагаршэнне яго здароўя.

Мы просім Вас, Дзмітрый Анатольевіч, распачаць магчымыя крокі для таго, каб спрыяць вызваленню Алеся Бяляцкага.

З павагай,
сябры Савета пры Прэзідэнце Расіі па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека:

Аляксеева Людміла Міхайлаўна, Старшыня Маскоўскай Хельсінкскай групы
Ганнушкіна Святлана Аляксееўна, сябра Савета Праваабарончага цэнтра “Мемарыял”, Старшыня Камітэта “Грамадзянскае садзейнічанне”
Джыбладзэ Георгій Джуаншэравіч, прэзідэнт Цэнтра развіцця дэмакратыі і правоў чалавека
Крывенка Сяргей Уладзіміравіч, сябра Праўлення Міжнароднага таварыства “Мемарыял”
Кукліна Іда Мікалаеўна, сябра каардынацыйнага савета Саюза камітэтаў салдацкіх маці Расіі
Панфілава Алена Анатольеўна, Дырэктар Цэнтра антыкарупцыйных даследаванняў і ініцыятываў “Транспэрэнсі Інтэрнэшнл – Р”
Сіманаў Аляксей Кірылавіч, Прэзідэнт некамерцыйнай арганізацыі "Фонд абароны галоснасці”

Напярэдадні ўручэння гэтага ліста прэзідэнту РФ пад ім падпісаліся яшчэ 8 сябраў Савета. Усяго пад лістом паставілі подпіс 15 сябраў Савета.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства