Бабруйчане звяртаюцца да чыноўнікаў з просьбай вярнуць у тралейбусы беларускую мову
Неабыякавыя бабруйчане пачалі дасылаць лісты і электронныя звароты ў гарвыканкам і тралейбуснае ўпраўленне з просьбай вярнуць у тралейбусы беларускую мову.
Прыпынкі ў бабруйскіх тралейбусах агчуваліся па-беларуску прыкладна чатыры гады пасля зваротаў да кіраўніка тралейбуснага ўпраўлення і гарвыканкаму ад мясцовых сяброў ТБМ. Пасля гэтага родная мова загучала і ў аўтобусах. Але нечакана «афіцыйнай тралейбуснай» зноў стала руская.
Пакуль прычына русіфікацыі тралейбусаў невядомая, жыхары гораду задаюць гэтае пытанне ў сваіх зваротах да чыноўнікаў. Таксама яны просяць, каб у траспарце зноў загучала беларуская мова.
-Тралейбусы Бабруйска - гэта адно з нешматлікіх месцаў, дзе родная мова гучала пастаянна, хоць усяго толькі ў агучванні прыпынкаў, - кажа студэнт Алесь, які ўжо даслаў зварот да старшыні гарвыканкама Дзмітрыя Бонахава. - Гэта было “разынкай” гораду ў вачах турыстаў. Калі мае сябры з іншых гарадоў даведаліся, што нашы тралейбусы пачалі «гаварыць» па-руску, яны вельмі здзівліся. Пры гэтым знікла не толькі беларуская мова, але і знаёмыя ўсім выразы «Сумленне — лепшы кантралёр», «Павага — лепшы падарунак» і абсалютна бабруйскі выраз «Каб пазбегнуць непрыемнай сустрэчы з кантралёрам, праверце, ці не запамятавалі Вы аплаціць праезд». Я і мае сябры не пакінем гэтую прыкрую падзею без рэакцыі. Я лічу, што звароты да ўладаў змогуць нешта змяніць. Зусім нядаўна гэта атрымался ў жыхароў Гомеля. Мы паспрабуем дамагчыся вяртання традыцыі агучвання прыпынкаў па-беларуску. Хацелася б, каб нашую ініцыятыву падтрымала як мага больш жыхароў гораду.
З тым, што на рашэнне гэтай праблемы можа паўплываць толькі грамадскасць, згодны і бабруйскі сябра ТБМ Віктар Маліноўскі.
-Я асабіста ўжо адправіў два звароты і заклікаю іншых бабруйчан гэта рабіць, - кажа Віктар Маліноўскі. – Пяць гадоў таму мы таксама шмат пісалі чыноўнікам і дамагліся свайго, рашэнне прымалася на ўзроўні гарвыканкаму. Тады тралейбуснае ўпраўленне нават закупіла аўтаабвяшчальнікі. Мы прапаноўвалі сваю дапамогу ў перакладзе і агучцы, але яны адмовіліся, таму, на жаль, нарабілі шмат памылак…
Сябра ТБМ нагадаў у сваіх зваротах да чыноўнікаў, што гэты год абвешчаны ў Беларусі Годам кнігі, таксама ён прыпадае на юбілеі выбітных культурных дзеячоў.
– А тут атрымліваецца наадварот, нейкая падпольная барацьба з беларускай мовай, - здзіўляецца Віктар Маліноўскі. – Я пацікавіўся, няўжо яны збіраюцца звесці ўсё да бібліятэчных імпрэзак? Калі гэтае пытанне не вырашаць на гарадскім узроўні, будзем звяртацца ў аблвыканкам.