Сканфіскаваныя падчас вобшуку сцягі папсавалі ў аддзяленні міліцыі
Актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Аляксандр Вялітчанка паспрабаваў вярнуць сабе сцягі, улёткі і банеры, сканфіскаваныя ў яго падчас вобшуку 15 лютага гэтага году, і зьвярнуўся са скаргай ва УУС Савецкага раёну Менска.
У адказ на скаргу Аляксандра Вялітчанку запрасілі ў аддзяленне міліцыі Савецкага раёну Менска, каб забраць “палатно бела-чырвона-белага колеру”. Калі сёння маладзён прыйшоў па сцяг, міліцыянт прапанаваў яму пашукаць у шафе, дзе складаюцца вынятыя падчас вобшукаў рэчы. Як распавёў Аляксандр Вялітчанка, у шафе было шмат сцягоў рознага памеру, але ўсе яны былі пашкоджаныя: парэзаныя нажом і аблітыя нейкім рэчывам.
Актывіст збіраецца скардзіцца на пашкоджанне сваёй маёмасці ў пракуратуру. Адначасова з ім скаргу ў міліцыю з патрабаваннем вярнуць забраныя падчас вобшуку рэчы накіроўваў Алег Рагоўскі. Аднак яму ўвогуле ніякага адказу з міліцыі не даслалі.