Еўрадэпутат патрабуе ўмяшацца ў сітуацыю вакол Мікалая Статкевіча
Марэк Мігальскі, дэпутат Еўрапейскага парламента ад Польшчы, звярнуўся ў Дэпартамент выканання пакаранняў МУС Беларусі.
Ён звярнуў увагу кіраўніцтва Дэпартамента на тое, што апошнім часам Мікалай Статкевіч утрымліваўся ў адной камеры з чалавекам хворым на сухоты, а гэта з’явілася сур’ёзнай пагрозай здароўю палітвязня.
Еўрадэпутат непакоіцца, што цяперашнім сукамернікам Статкевіча з’яўляецца былы намеснік камандзіра вайсковай часткі № 3214 па фізічнай падрыхтоўцы Андрэй Васільеў, прозвішча якога фігуруе ў СМІ у звязку з выкраданнямі і забойствамі апазіцыйных палітыкаў і журналістаў “эскадронамі смерці”.
Марэк Мігальскі ў сваім лісце піша: “Я ўспрымаю крокі, якія прымаюцца адміністрацыяй турмы № 4 у Магілёве ў адносінах да Мікалая Статкевіча, як ціск, катаванні і жорсткае абыходжанне. Хачу нагадаць, што, згодна з міжнародным правам у галіне правоў чалавека, у тым ліку ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь Канвенцыяй супраць катаванняў, любыя формы катаванняў і жорсткага абыходжання ў турмах недапушчальныя”.
Марэк Мігальскі патрабуе, каб кіраўнік ДВП паведаміў яму па якой прычыне адміністрацыя турмы прыняла такія рашэнні ў дачыненні да палітвязня.
Копію ліста еўрадэпутат накіраваў начальніку турмы, дзе экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Мікалай Статкевіч адбывае пакаранне за Плошчу.