Еўрадэпутат Марэк Мігальскі ўзяў шэфства над Сяргеем Каваленкам
Дэпутат Еўрапарламента Марэк Мігальскі, які з’яўляецца намеснікам сябра Дэлегацыі па стасунках з Беларуссю, будзе апякаваць Сяргея Каваленку.
Пра гэта еўрадэпутат заявіў 23 красавіка. Раней Марэк Мігалькі браў шэфства над палітвязнем Зміцерам Бандарэнкам. Пасля таго як Зміцер выйшаў на волю, Мігальскі стаў “хросным бацькам” Сяргея Каваленкі.
“Сяргей Каваленка з’яўляецца сябрам апазіцыйнай Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі “Беларускі народны фронт”. Я не перастаю захапляцца яго ўпартасцю ў барацьбе за Свабодную Беларусь. На жаль, пры рэжыме Лукашэнкі, такія простыя жэсты, як салідарнасць і адданасць дэмакратычным каштоўнасцям, жорстка пераследуюцца.
Я праводжу маніторынг сітуацыі з Каваленкам ужо доўгі час і зрабіў захады па яго справе, у прыватнасці, звярнуўся ў пісьмовай форме ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь, звярнуўся да генеральнага пракурора, старшыні Еўрапейскага парламента Марціна Шульца. З’яўляючыся “хросным бацькам” Сяргея Каваленкі, я па-ранейшаму буду нагадваць аб сітуацыі, якая склалася, на міжнароднай арэне. Я заклікаю ўлады Беларусі да неадкладнага вызвалення Сяргея Каваленкі і поўнай яго рэабілітацыі”, -- заявіў Марэк Мігальскі.