Праваабарончы цэнтр “Вясна” накіраваў зварот міністру адукацыі і старшыні Савета міністраў Рэспублікі Беларусь з заклікам выкарыстаць усе магчымыя сродкі дзеля захавання Беларускага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю. Праваабаронцы звяртаюцца да калегаў-праваабаронцаў і ўсіх, каму неабыякавы лёс адзінай беларускамоўнай навучальнай установы, далучыцца да кампаніі па абароне Ліцэю.
Міністру адукацыі Рэспублікі Беларусь П.Брыгадзіну
Старшыні Савета міністраў Рэспублікі Беларусь Г.Навіцкаму
Грамадскае аб’яднанне “Праваабарончы цэнтр “Вясна” расцэньвае захады службовых асобаў Міністэрства адукацыі і Савету міністраў Рэспублікі Беларусь па знішчэнні Беларускага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю як парушэнне канстытуцыйнага права навучэнцаў на атрыманне адукацыі на роднай мове і ўвядзенне забароны на прафесію для некаторых выкладчыкаў.
У выніку можа быць знішчаны адзіны ў краіне асяродак беларускай адукацыі, дзе сістэма выкладання цалкам адпавядае еўрапейскім адукацыйным стандартам. Знішчаецца рупліва створаны педагагічны калектыў, у які ўваходзяць вядомыя навукоўцы Беларусі. Акрамя гэтага мы вымушаныя канстатаваць перасьлед некаторых выкладчыкаў па палітычных матывах, у прыватнасці, фактычнага кіраўніка Ліцэя Уладзміра Коласа.
Спробы педагагічнага калектыву, навучэнцаў і іх бацькоў абараніць свае законныя правы натыкаюцца на нежаданне дзяржаўных органаў, у кампетэнцыі якіх знаходзіцца вырашэнне дадзенай праблемы, прыслухоўвацца да іх меркавання. Былі выкарыстаны і сілавыя метады ў адносінах да навучэнцаў – супраць іх быў выстаўлены АМАП
Грамадскае аб’яднанне “Праваабарончы цэнтр “Вясна” звяртаецца да Вас з заклікам выкарыстаць усе магчымыя сродкі дзеля захавання Беларускага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю з улікам патрабаванняў педагагічнага калектыву, навучэнцаў і іх бацькоў, а таксама не дазволіць прымяненне сілавых метадаў у адносінах да дзяцей.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” звяртаецца да калегаў-праваабаронцаў – беларускіх і замежных , а таксама да ўсіх, каму неабыякавы лёс адзінай беларускамоўнай навучальнай установы, далучыцца да кампаніі па абароне Ліцэю.
Свае лісты Вы можаце накіроўваць:
Міністру адукацыі Рэспублікі Беларусь П.Брыгадзіну
тэлефоны ў Мінску: 226-51-59; 220-99-09; 220-31-37
Старшыні Савета міністраў Рэспублікі Беларусь Г.Навіцкаму
тэлефон у Мінску: 222-61-05