Супраць атамных эксперыментаў
У Брэсце адбыўся “круглы стол”, на якім эколагі прэзентавалі “Белую Кнігу”, прысвечаную атамнай энергетыцы. Удзельнікі мерапрыемства падпісалі зварот да кіраўніцтва Беларусі з заклікам спыніць атамныя эксперыменты (“гэта не просьба, а настойлівае патрабаванне часу”), бо ад грамадскасці наўмысна хаваюць усе адмоўныя наступствы будаўніцтва АЭС у Астраўцы. У прыватнасці, доктар фізіка-матэматычных навук Віктар Сіўчык заўважыў, што электраэнергія з новай АЭС будзе даражэйшая за тую, што Беларусь зараз купляе за мяжой. Эколаг Яўген Урэцкі нагадаў, як з-за валявых рашэнняў, што прымаліся некампетэнтнымі людзьмі, не мог не адбыцца Чарнобыль, а ягоныя наступствы (рост хваробаў з-за спажывання “бруднай” ежы, “гульні” з парогамі забруджвання, экалагічная непісьменнасць) у цяперашні час спрабуюць пакінуць без увагі.
Што тычыцца “Белай Кнігі”, дык яна пакуль існуе толькі ў Інтэрнэце ў выглядзе электроннага зборніка публікацый пра атамныя праекты ў Беларусі, Літве і Калінінградскай вобласці РФ. З дапамогай гэтых публікацый эколагі спрабуюць змяніць стаўленне беларускіх грамадзян да згаданай праблемы і ставяць у прыклад гісторыю Германіі, дзе мясцовыя жыхары дамагліся спынення будаўніцтва АЭС, на якое ўжо было выдаткавана больш за 1 мільярд еўра.