viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: “Нечаканы сыход Арыны Вячоркі - вялікая страта для беларушчыны”

2012 2012-04-20T23:05:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-2007.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт FIDH, кіраўнік ПЦ "Вясна"

Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт FIDH, кіраўнік ПЦ "Вясна"

У Велікодную нядзелю 15 красавіка зняволены праваабаронца Алесь Бяляцкі напісаў ліст-успамін пра сваю добрую даўнюю сяброўку Арыну Вячорку.  

“Прачытаў у “Нашай Ніве” і “Народнай Волі”, што памерла Ірына Вячорка. Гэта моцна засмуціла мяне. Бо Ірына – мая старая-старая сяброўка. Калісь, улетку 1981-га году, я ўпершыню сустрэўся з ёй і Вінцуком. Яны тады жылі ў кватэры бацькоў Вінцука. І мяне, тады маладога зусім студэнта, якога мастак Мікола Купава зьвёў з Вінцуком, прывялі ў цыкоўскую кватэру (бо бацька Вінцука тады працаваў у ЦК) для беларускай “апрацоўкі”. Асабліва  апрацоўваць мяне ня трэба было. Я ўжо быў “дасьпеўшы”. Адзінае, чаго мне крытычна не хапала тады ў Гомелі, дык гэта – кантактаў з аднадумцамі. І вось я атрымаў іх. Мы прагаварылі каля чатырох гадзінаў. Размова перакідвалася з літаратуры на гісторыю Беларусі. З гісторыі – на сучаснае становішча і магчымыя варыянты дзеяньняў. І асноўныя задачы – адукоўвацца, прапагандаваць беларушчыну, уздымаць яе з спратаў занядбаньня і шукаць аднадумцаў. Разам зь Вячоркамі быў яшчэ Сяргей Запрудзкі. Гэта была пераломная ў маім жыцьці сустрэча. Нават ня так важна, пра што мы гаварылі, і нават ня так істотна – ці адбыліся б наступныя сустрэчы. Гэта быў магутнейшы штуршок, які вырашыў мой далейшы лёс і маё далейшае жыцьцё. Далей я ўжо мог і сам.

Але нашыя сустрэчы з Вячоркамі працягваліся. Падчас гэтай першай сустрэчы Арына (а менавіта так яна назвалася) запомнілася і ўразіла мяне сваёй шчырай непасрэднасьцю і арыгінальнасьцю логікі ўласных развагаў. Яна была простай, нейкай адразу свойскай і цікавай. Праз усё жыцьцё яна пранесла індывідуальную непаўторнасьць характару.

Усе наступныя гады, прыязджаючы з Гомеля ў Менск, я наведваў Вячоркаў, якія тады ўжо перабраліся ў двухпакаёўку на Някрасава. Дзесяткі, калі ня сотні людзей тады прайшлі праз гэтую кватэру, дзе Вінцук з Арынаю вялі бясконцую, штодзённую  беларускую працу. І заўсёды Арына карміла мяне тушанаю бульбаю з пячонкай ці мясам. Нашыя гаворкі цягнуліся, як правіла, не адну гадзіну.

У апошнія гады нашыя сустрэчы былі ня частымі. Часам мы сустракаліся на канцэртах беларускай музыкі, якія яна арганізоўвала, часам – па прыкрых справах, калі яе перасьледвалі за абарону яе сына Францішка і каралі штрафам у судзе, часам – па справе ўдзелу дзяцей з сем’яў актывістаў у міжнародным летніку ў Польшчы. А часам сустрэчы былі зусім выпадковымі, дзесьці на вуліцы ці ў метро. І яна заўсёды ўражвала мяне невычарпальнай і спакойнай энэргіяй і ўнутраным сьвятлом, якое сыходзіла ад яе. Жыцьцёвыя нягоды, вечны клопат за мужа, а затым за сына не зламалі яе. Яна ціха, ініцыятыўна і настойліва працягвала сваю беларускую справу, якой прысьвяціла і аддала ўсё сваё жыцьцё. І яе нечаканы сыход зьяўляецца вялікай стратаю для беларушчыны.

Асабіста мне цяпер ужо заўсёды будзе не хапаць прывабнай усьмешкі маёй добрай сяброўкі Арыны Вячоркі”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства