Віцебскі абласны суд не задаволіў касацыйныя скаргі Калякіна, Лябедзькі, Атрошчанкава і Шчукіна
Журналістаў і ахвотных прысутнічаць на судовых працэсах у будынак абласнога суду не пусцілі. Міліцэйская ахова заявіла, што ўсе месцы ў абедзьвюх залах, дзе разбіралі скаргі палітыкаў, ужо занятыя. Іх занялі супрацоўнікі міліцыі ў форме і ў цывільным. Міліцыянты дзяжурылі і вакол судовага будынка.
Валеры Шчукін, скаргу якога адхіліла суддзя Святлана Іванова, пра міліцэйскія захады сказаў так:
"Відаць, трэба браць суд штурмам. Бо дзеянні міліцыі называюцца "самаўпраўства". Інакш мы ніколі так і не ўбачым, што робіцца ў нашых судах".
Пры вынікі судовага разбіральніцтва спадар Шчукін паведаміў наступнае:
"Я спрабаваў аспрэчыць прысуд Аршанскага суду, дзе 30 сакавіка мяне аштрафавалі на 1 мільён 190 тысяч рублёў за хуліганства і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. На знак пратэсту супраць таго, што29 сакавіка працэс над палітыкамі Анатолем Лябедзькам, Сяргеем Калякіным і Аляксандрам Атрошчанкавым у аршанскім судзе зрабілі практычна закрытым, я заблакаваў праход на трэці паверх, сеўшы ў дзвярах. Назаўтра мяне судзілі, пазбавіўшы юрыдычнай дапамогі: суддзя Тацяна Рыбакова адмовілася перанесці працэс, на які не паспяваў прыехаць мой адвакат. Пазбаўленне юрыдычнай дапамогі – гэта стоадсоткавая падстава для адмены прысуду. Але яго пакінулі без зменаў, а скаргу – без задавальнення".
Лідэр партыі "Справядлівы свет" Сяргей Калякін таксама не задаволены вынікам разгляду ў абласным судзе. Ён распавёў, што касацыйныя скаргі падавалі таксама кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька і былы палітвязень, каардынатар “Еўрапейскай Беларусі” Аляксандр Атрошчанкаў. Аднак у Віцебск спадар Калякін прыехаў адзін:
"Нашыя скаргі разбіралі разам. На парушэнні, якія дапусціла падчас першаснага разгляду ў аршанскім судзе суддзя Надзея Байцова, тут ніхто не звярнуў увагі. Пакаранне – па 350 тысяч штрафу за хуліганства кожнаму – застаецца ў сіле. Мажліва, яно не такое сур'ёзнае ў параўнанні з іншымі справамі. Але ж бываюць і сур'ёзныя справы, і сур'ёзныя пакаранні – аж да смяротнае кары! І, гледзячы на гэта, нельга даць веры, што вялікія тэрміны і смяротныя прысуды выносяцца судамі справядліва, а не прызначаюцца “наверсе”!"
Сяргей Калякін кажа, што суддзя Віцебскага абласнога суду Ірына Смалякова нават не выходзіла з залі, каб падрыхтаваць сваё рашэнне: заслухаўшы аргументы палітыка, яна проста зачытала пастанову, падрыхтаваную загадзя.