У Брэсце суд прызнаў законнай забарону пікета салідарнасці з Алесем Бяляцкім
З ініцыятывай правядзення пікета ў падтрымку кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна” выступіў мясцовы правабаронца Уладзімір Вялічкін. Ён жа падаў у суд першай інстанцыі скаргу на рашэнне Брэсцкага гарвыканкама пра адмову правядзення акцыі.
17 красавіка суд Ленінскага раёна Брэста падтрымаў рашэнне гарвыканкама.
Уладзімір Вялічкін лічыць судовы вырак прадказальным, бо ў цяперашніх умовах цяжка спадзявацца, што дзеянні мясцовых уладаў у пытанні правядзення падобных акцый будуць прызнаныя незаконнымі.
“У якасці аргументаў, якія я выклаў, калі складаў скаргу, было тое, што рашэнне гарвыканкама аб вызначэнні месца правядзення масавых мерапрыемстваў абмяжоўвае і асабіста мае правы, і правы жыхароў Брэста, якія збіраюцца ладзіць такія акцыі, - патлумачыў Уладзімір Вялічкін. – Акрамя таго, я лічу, што адмову ў пікетаванні мне падпісала неўпаўнаважаная на гэтыя дзеянні асоба. Але суд застаўся на баку гарвыканкама”.