Магілёўскі рабочы абвінавачвае прававую абарону ў Беларусі ў невыкананьні абавязкаў
Рабочы магілёўскага аўтазаводу Рыгор Дзівакоў зьвярнуўся са скаргай у Раду ААН у правах чалавека. У сваёй скарзе спадар Дзівакоў зазначае, што ім вычарпаныя сродкі прававой абароны ў Рэспубліцы Беларусь, якую ён абвінавачвае ў не выкананьні абавязкаў, зафіксаваных у Міжнародным пакце грамадзянскіх і палітычных правоў.
29 кастрычніка 2002 году Магілёўская абласная мэдычная камісія ўстанавіла, што з прычыны прафэсійнага захворваньня Рыгор Дзівакоў згубіў 24% працаздольнасьці. Адміністрацыя прадпрыемства адмовілася кампэнсаваць страты свайму працаўніку, чым парушыла калектыўную дамову. Рыгор Дзівакоў зьвярнуўся з пазовам у Кастрычніцкі суд Магілёва, які задаволіў ягоныя прэтэнзіі. Аднак судовая калегія ў грамадзянскіх справах, а затым старшыня Магілёўскага абласнога суду адмянілі пастанову Кастрычніцкага суду й зьменшылі кампэнсацыю маральных стратаў Рыгору Дзівакову амаль у восем разоў. Сваё рашэньне яны матывавалі цяжкім эканамічным станам прадпрыемства. У 2003 ды 2006 гадах Рыгор Дзівакоў двойчы зьвяртаўся ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь, але і там адмовіліся задаволіць прэтэнзіі ў поўным аб’ёме.
Спадар Дзівакоў расказаў Радыё Свабода:
- Я ведаю, што разгляд маёй скаргі зацягнецца на гады, але я цяпер дамагаюся справядлівасьці і бараню сваю чалавечую годнасьць рабочага, якія адпрацаваў на аўтазаводзе 30 гадоў.
Паводле праваабаронцы Барыса Бухэля, у Магілёўскай вобласьці быў толькі адзін выпадак, калі Камітэт ААН у правах чалавека задаволіў прэтэнзіі грамадзяніна да дзяржавы. У 2000-м годзе пасьля трохгадовага разгляду станоўчае рашэньне было прынятае паводле пазову сябра БСДП Уладзімера Лапцэвіча. Спадар Лапцэвіч у 1997 годзе быў пакараны за распаўсюд улётак, прысьвечаных 79-м угодкам абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.